У Беларусі распачалася новая кампанія па барацьбе з карупцыяй.
У Беларусі відавочна распачалася новая кампанія па барацьбе з карупцыяй. Апошнія арышты і адстаўкі, напрыклад, кіраўніка Камітэта дзяржаўнага кантроля, сведчаць пра гэта.
Але, па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, гэта сведчыць і пра тое, што Аляксандар Лукашэнка не выканаў свайго аднаго з галоўных абяцанняў, якое ён даваў яшчэ 20 год назад, упершыню абіраючыся прэзідэнтам.
– Тэма “топавая”. Лукашэнка распачаў палітычную кампанію. І праз гэтую кампанію ён спрабуе дыстанцыявацца ад чыноўнікаў, якія для многіх людзей сімвал карупцыі. Лукашэнка хоча, каб паміж ім і чыноўнікамі была вялікая дыстанцыя: карупцыя і чыноўнікі ёсць, але гэта не Лукашэнка. І па-другое, ён яшчэ хоча мець дыстанцыю ад украінскіх падзеяў.
Менавіта вялікая карумпаванасць рэжыму былога ўкраінскага прэзідэнта стала адным з галоўных чыннікаў Майдану і прывяла да краху ўраду Віктара Януковіча. Аляксандр Лукашэнка баіцца такога развіцця падзеяў і прымае нейкія прэвентыўныя крокі, — лічыць Анатоль Лябедзька.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя