У Беларусі стартаваў збор подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты



Пачаўся збор подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты. У якасці кандыдатаў на сёлетнія прэзідэнцкія выбары намагаюцца зарэгістравацца восем прэтэндэнтаў. “100 тысяч подпісаў гарантавана збярэ ініцыятыўная група Аляксандра Лукашэнкі, па астатніх прэтэндэнтах на прэзідэнцкую пасаду ёсць пытанні” – кажа палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч:

– Я вывучаю зараз досвед папярэдніх выбараў, досвед 2001-2006 гадоў, і ён сведчыць, што сабраць 100 тыс подпісаў маглі толькі групы, якія налічваюць звыш 3 тыс чальцоў. 2010 год – вельмі паказальны, таму што гісторыя збору 100 тыс подпісаў вельмі цьмяная, і сам Лукашэнка неаднаразова казаў, што ён даваў даручэнні рэгістраваць як мага больш, таму ацэньваць, хто насамрэч сабраў, а хто не сабраў – вельмі цяжка.

Самая шматлікая ініцыятыўная група – у Аляксандра Лукашэнкі. Яна налічвае дзесяць з паловай тысячы чалавек. Затым ідуць групы Сяргея Гайдукевіча – дзве з паловай тысячы, Таццяны Караткевіч (больш за тысячу дзявяцьсот), Сяргея Калякіна і Мікалая Улаховіча (каля паўтары тысячы чалавек у кожнай групе). Анатолю Лябедзьку і Віктару Цярэшчанку дапамагаюць збіраць подпісы каля тысячы чалавек. Ініцыятыўная група Жаны Раманоўскай складаецца са ста дзявяці чалавек.

Старшыня партыі левых “Справядлівы свет” Сяргей Калякін у першы дзень збору подпісаў сутыкнуўся не толькі са слабай актыўнасцю людзей, але і з неспрыяльнымі умовамі надвор’я.

– Не пашанцавала з надвор’ем. Першы дзень – гэта не паказчык, праз тыдзень я вам скажу прагнозы. Калі людзі, якія хочуць пераменаў у краіне, будуць шукаць альтэрнатыву, то гэта добра. А калі думаюць, што за іх гэта зробіць нехта іншы, то нічога не атрымаецца.

Пункты збору подпісаў адразу некалькіх патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты размясціліся каля ГУМа на праспекце Незалежнасці. У тым ліку збіраюць подпісы і за Аляксандра Лукашэнку. Праўда, адказныя за гэта актывісты Федэрацыі прафсаюзаў адмовіліся расказаць пра свайго кандыдата журналісту Бела ПАН:

– А навошта пра яго расказваць?! Пра яго і так усе ведаюць. А калі вы не ведаеце  – то гэта ўжо вашыя праблемы.

Праводзіць збор подпісаў дазволена з 8 раніцы да 22 гадзін вечара. Збор подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты будзе доўжыцца па 21 жніўня ўключна.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя, БелаПАН

Фота БелТА