У Беларусі ўхвалілі праект закона пра народнае апалчэнне



Савет бяспекі Беларусі ўхваліў праект закона пра народнае апалчэнне. Адпаведная пастанова 8 сакавіка апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Міністру абароны Віктару Хрэніну даручана цягам месяца накіраваць дапрацаваны праект закона ў Савет міністраў для яго наступнага ўнясення ў Палату прадстаўнікоў. Таксама Савет бяспекі даручыў Мінабароны пачаць распрацоўку новай вайсковай дактрыны. Дзейную з 2016 года дактрыну плануецца абнавіць у сувязі са зменамі «вайскова-стратэгічнай абстаноўкі» і «эскалацыяй глабальнай геапалітычнай напружанасці».

Вайсковаму ведамству даручана ўхваліць праект новай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, працягнуць яе грамадскае абмеркаванне на дыскусійных пляцоўках, забяспечыць шырокае асвятленне яе асноўных палажэнняў і падрыхтаваць да вынясення на зацвярджэнне Усебеларускаму народнаму сходу.

Беларускае Радыё Рацыя