У Беларусі ўсё ж такі з’явіцца расейская авіябаза?



Падпісанне міжнародных дакументаў чакаецца па выніках сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Пуціна 26 лістапада ў Маскве. Адной з тэмаў сустрэчы можа стаць стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі – гэта вынікае з заявы памочніка расейскага прэзідэнта Юрыя Ушакова. На думку міжнароднага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, расейская база ўсё ж такі з’явіцца ў Беларусі:

– На маю думку, расейскай авіябазе быць на Беларусі. Пуцін ніколі ад гэтага не адмовіцца. Ужо афіцыйна анансавана гэтае пытанне. Адмовіцца ад гэтага для Пуціна азначае страціць твар.

Як адзначае Раман Якаўлеўскі, размяшчэнне расейскай авіябазы ў Беларусі ніяк не паўплывае на планы НАТА, ды  прысутнасць вайсковага блоку ў суседніх з Беларуссю краінах. “У Расеі ж ёсць ідэя размяшчаць на авіябазе не толькі самалёты, але і ракеты, а вось гэта і можа стварыць пэўную напружанасць у рэгіёне, сітуацыя ў якім і без таго напружаная”, – кажа аглядальнік.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота  ИТАР-ТАСС