У Беларусі ўжо 102 палітвязні



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ дзевяць чалавек. Такім чынам, на сённяшні дзень у Беларусі 102 палітвязні.

21 кастрычніка праваабарончыя арганізацыі выступілі з сумеснай заявай у сувязі з выстаўленнем абвінавачванняў паводле арт. 293 Крымінальнага кодэкса (масавыя беспарадкі) Сяргею Брылю, Андрэю Папову, Паўлу Нядбайлу, Сяргею Ляжэнку, Дзмітрыю Івашкову, Юрыю Бялько, Дзмітрыю Ластоўскаму, Яраславу Збароўскаму, а таксама паводле арт. 342 КК (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — Дзянісу Болтуцю.

Пераслед гэтых людзей праваабаронцы разглядаюць як палітычна матываваны „ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Прадстаўнікі праваабарончых арганізацый патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць з-пад варты і спыніць крымінальны пераслед пералічаных грамадзян, усіх палітвязняў і тых, хто быў затрыманы ў сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

„Свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, — нагадваюць уладам праваабаронцы. — Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаванням, акрамя тых, што ўстаноўленыя законам і неабходныя ў дэмакратычных краінах з мэтай нацыянальнай і грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, аховы здароўя і маральнасці насельніцтва ці абароны правоў і свабодаў іншых асобаў”.

Выступы грамадзян, за якія іх цяпер пераследуюць у крымінальным парадку, „насілі стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года і праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”, гаворыцца ў заяве.

„Сходы грамадзян насілі мірны характар і не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы. Нягледзячы на гэта дэманстранты былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным ужываннем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі. Упершыню ў гісторыі Беларусі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў былі ўжытыя гумовыя кулі і вадамёты. Асабліва вялікая колькасць пашкоджанняў была атрыманая ад выкарыстання шумавых гранат”, — адзначаюць праваабаронцы.

Беларуская праваабарончая супольнасць асуджае дзеянні праваахоўных органаў і ўскладае адказнасць за тое, што адбылося 9 і 10 жніўня, на ўлады Беларусі.

Праваабаронцы перакананыя, што дэманстранты не рабілі дзеянняў, якія апісаныя ў арт. 293 КК, таму іх дзеянні не могуць кваліфікавацца як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў, адзначылі яны, „не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі збройнага супраціву праваахоўным органам”.

„Асобныя выпадкі гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі з боку дэманстрантаў патрабуюць асобнай прававой кваліфікацыі, з улікам кантэксту і абставінаў прымянення гвалту, у тым ліку ў кантэксце самаабароны ад загадзя непрапарцыйных дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі”, — гаворыцца ў заяве.

Дакумент падпісалі 10 праваабарончых арганізацый — цэнтр „Вясна”, Ініцыятыва FORB, „Х’юман канстанта”, „Прававая ініцыятыва”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі ПЭН-цэнтр, офіс па правах людзей з інваліднасцю.

belapan.by