У Беларусі ўжо 360 палітзняволеных
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітзняволенымі актывістку Вольгу Маёраву і капітана Генштаба Узброеных сіл Дзяніса Урада. Агульная колькасць палітвязняў у Беларусі на 29 красавіка дасягнула 360.
У сумеснай заяве, апублікаванай на сайце spring96.org, праваабаронцы зазначаюць, што арышт і ўтрыманне пад вартай Маёравай і Урада ажыццёўленыя з парушэннем абавязацельстваў дзяржавы згодна з арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і скіраваныя на дасягненне „непрымальных у дэмакратычным грамадстве мэтаў” — „умацаванне альбо ўтрыманне ўлады суб`ектамі ўладных паўнамоцтваў” і „нядобраахвотнае спыненне або змяненне характару чыёй-небудзь публічнай дзейнасці”.
Маёраву абвінавачваюць паводле арт. 289 Крымінальнага кодэкса (акт тэрарызму), яна ўключаная ў спіс фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Ацэньваючы інфармацыю аб затрыманай, праваабаронцы спасылаюцца на звесткі, распаўсюджаныя дзяржаўным тэлебачаннем. Згодна з імі актывістка адміністравала сацыяльныя сеткі Мікалая Аўтуховіча, які таксама абвінавачаны ва ўчыненні акту тэрарызму, і вяла тэлеграм-канал. Маёрава каментавала падзеі ад імя Аўтуховіча, не ведаючы пра яго канкрэтныя планы і дзеянні і шукаючы інфармацыю пра іх у інтэрнэце.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што згодна з пазіцыяй Камітэта правоў чалавека такія правапарушэнні, як „заахвочванне тэрарызму”, „экстрэмісцкая дзейнасць”, „усхваленне”, „праслаўленне” ці „апраўданне” тэрарызму, павінны мець дакладныя азначэнні для гарантыі таго, што іх прымяненне не вядзе да недарэчнага або неадпаведнага ўмяшання ў ажыццяўленне права на свабоднае выказванне меркаванняў.
Капітан Дзяніс Урад быў затрыманы ў сакавіку 2021 года паводле абвінавачання ў дзяржаўнай здрадзе. Паведамлялася, што, знаходзячыся на дзяжурстве на пасту спецсувязі Генштаба, ён сфатаграфаваў і адправіў у тэлеграм-канал сакрэтны ліст міністра ўнутраных спраў міністру абароны аб прыцягненні вайскоўцаў для аховы дзяржаўных аб`ектаў у выпадку масавых беспарадкаў.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ў адпаведнасці з законам „Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі” не могуць быць абмежаваныя доступ, распаўсюджванне або даванне інфармацыі аб фактах парушэння законнасці і інфармацыі, якая адлюстроўвае стан грамадскай бяспекі.
„Няма сумневу, што Д.Урад дзейнічаў у грамадскіх інтарэсах, а абгрунтаванне міністрам унутраных спраў мэты прыцягнення вайскоўцаў да паліцэйскіх функцый „для аховы аб`ектаў, якія падлягаюць дзяржаўнай ахове, што забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва і функцыянаванне транспарту, і аб`ектаў, якія прадстаўляюць павышаную небяспеку для жыцця і здароўя людзей”, — гэта маніпуляцыя нормамі закона, бо, напрыклад, у вёсках Бараўляны і Копішча Менскага раёна, куды планавалася накіраваць 50 вайскоўцаў, такіх аб`ектаў няма, а ёсць ачагі мірнай пратэстнай актыўнасці грамадзян (комплекс „Новая Баравая” ў в.Копішча)”, — гаворыцца ў заяве.
З улікам асабістых якасцяў абодвух абвінавачаных, лічаць праваабаронцы, любое расследаванне ў дачыненні да Маёравай і Урада магло весціся ва ўмовах, калі яны знаходзяцца на волі, з забеспячэннем гарантый яўкі ў органы расследавання і ў суд, „таму ўзяцце іх пад варту трэба расцэньваць як адвольнае пазбаўленне волі”.
„З трывогай адзначаючы, што крымінальны пераслед В.Маёравай і Д.Урада вядзецца па адным з найбольш цяжкіх складаў злачынстваў, заяўляем, ён з`яўляецца палітычна матываваным, а самі пералічаныя асобы — палітычнымі зняволенымі”, — падкрэсліваюць аўтары заявы.
Яны патрабуюць ад уладаў Беларусі неадкладна вызваліць Вольгу Маёраву і Дзяніса Урада і спыніць іх крымінальны пераслед.
Дакумент падпісалі 10 праваабарончых арганізацый: пазбаўлены дзяржрэгістрацыі цэнтр „Вясна”; Беларускі ПЭН-цэнтр; РГА „Прававая ініцыятыва”; Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава; Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend; „Ініцыятыва FORB”; Беларускі дакументацыйны цэнтр; кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве „Х`юман канстанта”; Беларуская асацыяцыя журналістаў; РПГА”Беларускі Хельсінкскі камітэт”.