У Беларусі з паслоў краін ЕЗ засталіся толькі два
Пасля вымушанага ад’езду з Беларусі паслоў Літвы і Польшчы, многія краіны, якія ўваходзяць у Еўразвяз, праявілі салідарнасць і адклікалі кіраўнікоў сваіх дыпламатычных місій.
Як паведамілі tut.by інфармаваныя крыніцы, у Менску з паслоў краін Еўразвяза засталіся толькі прадстаўнікі Аўстрыі і Італіі. Пасля рашэння Еўразвяза ўвесці санкцыі ў дачыненні да 40 беларускіх службовых асоб Менск адклікаў сваіх паслоў у Вільні і Варшаве «для кансультацый» і прапанаваў Літве і Польшчы зрабіць аналагічны крок, а таксама скараціць колькасць дыпламатаў у сваіх пасольствах – адпаведна з 25 да 14 і з 50 да 18, каб „прывесці да парытэту» штат дыппрадстаўніцтваў з беларускімі замежнымі ўстановамі ў гэтых краінах. Літва і Польшча заявілі, што не плануюць адклікаць паслоў і скарачаць дыпламатычную прысутнасць.
У адказ на гэта прэс-сакратар беларускага знешнепалітычнага ведамства Анатоль Глаз папярэдзіў, што прапанова адклікаць паслоў і скараціць штат дыппрадстаўніцтваў абавязковая для выканання.
Вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жозеп Барэль заявіў, што патрабаванне беларускіх уладаў «беспадстаўна і вартае жалю». На яго думку, «гэта ідзе насуперак з логікай дыялогу і прывядзе да далейшай ізаляцыі ўладаў у Менску».
Беларускае Радыё Рацыя