У Беларусі засталіся 523 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў



Па стане на раніцу 6 лістапада ў Беларусі налічвалася 523 кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Пра гэта паведаміла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ў час відэабрыфінгу на афіцыйным канале Нацыянальнага прэс-цэнтра ў YouTube.

Яна нагадала, што першапачаткова кандыдатамі ў дэпутаты былі зарэгістраваныя 560 чалавек. «Знялі свае кандыдатуры 29 чалавек, у дачыненні да дзесяці чалавек камісіі скасавалі рэгістрацыю за парушэнне закона. Адноўленыя камісіямі і судом два чалавекі. Сёння Вярхоўны суд яшчэ будзе разглядаць адну скаргу – будзе вырашацца пытанне аднаўлення ў статусе кандыдата чалавека, чыя рэгістрацыя адмененая», – сказала кіраўнік ЦВК.

Каментуючы актыўнасць кандыдатаў у дэпутаты на гэтых парламенцкіх выбарах, Ярмошына адзначыла, што ёсць людзі, якія «толькі спрабуюць сябе без цвёрдага намеру абірацца». «Яны не ствараюць фонды для свайго асабістага фінансавання, не праводзяць актыўныя агітацыйныя працы. Нават цяпер можна казаць, што з 523 кандыдатаў толькі 330 апублікавалі сваю перадвыбарчую праграму ў друкаваных сродках масавай інфармацыі. А дзе яшчэ каля 200? Гэта значыць, яны паленаваліся нават скласці гэтую праграму і падаць яе СМІ. Не ўсе выступалі па тэлебачанні, радыё і ўдзельнічалі ў дэбатах. Нават у Менску, дзе ва ўсіх акругах больш за два кандыдаты, некаторыя дэбаты ішлі з удзелам двух кандыдатаў у дэпутаты. Гэта сведчыць пра тое, што гэтыя кандыдаты не маюць сур’ёзных намераў на абранне», – заявіла старшыня ЦВК.

«Але ёсць і тыя, хто працуе досыць актыўна, – дадала яна. – Іншая справа, што не заўсёды гэтая актыўнасць зʼяўляецца пазіцыяй для таго, каб знаёміць сябе з выбарцамі. Шматлікія актыўныя выключна ў напісанні скаргаў і патрабуюць, каб выбарчыя камісіі за іх працавалі. Аж да таго, каб за іх падавалі перадвыбарную праграму ў сродкі масавай інфармацыі».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН