У Беларусі заведзена 4,5 тысячы палітычна матываваных крымінальных спраў
Дэмакратычныя сілы Беларусі ў наступным годзе маюць намер прытрымлівацца агульнай стратэгіі непрызнання запланаванага на люты рэферэндуму па змяненні Канстытуцыі. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская падчас анлайн-дыскусіі «Планы беларускіх дэмакратычных сіл на наступны год». Яна ахарактарызавала адыходзячы год як самы жорсткі ў гісторыі незалежнай Беларусі з пункту гледжання маштабу палітычных рэпрэсій. «Закрыта 241 няўрадавая арганізацыя, 40 СМІ. Рэжым завёў больш за 4,5 тысячы палітычна матываваных крымінальных спраў, 929 чалавек прызнаны палітзняволенымі», — пералічыла яна.

На думку Ціханоўскай, «гэта быў цяжкі год, рэжым усё яшчэ ў Менску, тым не менш, яго памылкі паказваюць, наколькі ён не ўпэўнены ў сабе і нестабільны». Як прыклады экс-кандыдат у прэзідэнты прывяла прымусовую пасадку самалёта Ryanair, спробу прымусовага вяртання з алімпійскага Токіа спартоўкі Крысціны Ціманоўскай і міграцыйны крызіс на беларуска-польскай мяжы.
