У Беларусі знаходзіцца дэлегацыя МЗС Канады
З 26 па 28 верасня Беларусь наведвае дэлегацыя Канады на чале з памочнікам намесніка міністра замежных спраў Стэфані Бек, паведаміў на брыфінгу ў Менску 27 верасня прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
„Візіт у нашу краіну дэлегацыі канадскага знешнепалітычнага ведамства такога ўзроўню з’яўляецца першым у гісторыі беларуска-канадскіх адносін. У склад замежнай дэлегацыі ўваходзяць супрацоўнікі МЗС, апарату Таемнага савета каралевы для Канады, пасольства Канады ў Польшчы, а таксама прадстаўнікі шэрагу канадскіх кампаній, у тым ліку „Блэкбэры” і „Бамбардзье”, — адзначыў ён.
27 верасня ў МЗС Беларусі праходзяць беларуска-канадскія кансультацыі па агульнапалітычных пытаннях. Беларускі бок на перамовах узначаліў намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.
Паводле слоў прадстаўніка МЗС, у рамках візіту ў Нацыянальнай бібліятэцы пройдзе першы беларуска-канадскі дзелавы форум, арганізаваны сумесна Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Канадскай дзелавой асацыяцыяй у Расіі і Еўразіі. Праграма знаходжання канадскіх бізнесменаў у Беларусі таксама ўключае наведванне БелАЗа, Парку высокіх тэхналогій і Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”.
Фота mfa.gov.by