У Беларусі знаходзіцца еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах



 У Беларусі 17—18 лютага знаходзіцца еўракамісар па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэр Этынгер.

Як раней паведаміў прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, запланаваныя перамовы Этынгера з прэм’ер-міністрам Сяргеем Румасам, міністрам фінансаў Максімам Ермаловічам, намеснікам міністра замежных спраў Алегам Краўчанкам.

„Падчас сустрэч плануецца абмеркаваць актуальныя пытанні развіцця палітычнага дыялогу і гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва па лініі Беларусь — ЕЗ, а таксама ўзаемадзеянне ў фінансавай і мытнай сферах”, — сказаў Глаз.

Паводле звестак БелаПАН, еўракамісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і ўдзельнікамі праграмы MOST.

Апошні раз Этынгер наведваў Беларусь у жніўні 2014 года, калі ў Менску праходзілі перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны з удзелам прэзідэнтаў Беларусі, Казахстана, Расеі, Украіны і вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі. На той момант Этынгер займаў пасаду еўракамісара па энергетыцы.

belapan.by