У Беластоку прайшло выязное пасяджэнне польскага ўраду
Закончылася выязное пасяджэнне польскага ўраду ў Беластоку.
Міністры ды прэм’ер Эва Копач размаўлялі пра бяспеку на ўсходняй мяжы Польшчы і пра новую нацыянальную чыгуначную праграму.
Міністр унутраных спраў Тарэса Пятроўская прадставіла справаздачу аб ахове межаў і бежанцах.
Як кажа польская прэм’ер Эва Копач, на ўсходняй мяжы краіны ўжо з мінулага году ўведзеныя спецыяльныя меры:
– Тая частка знешняй мяжы Еўразвязу, якая прыпадае на Польшчу, добра і надзейна абаронена. Таму ніхто не мусіць нас вучыць, наадварот, многія могуць у нас павучыцца.
Сёння запланаваны візіт у Беласток таксама кандыдаткі на прэм’ер-міністра ад імя партыі Закон і Справядлівасць Бэаты Шыдла. Яна прыме ўдзел у выбарчым сходзе сваёй партыі. Аднак найперш наведае Аўгустаў, дзе сустрэнецца з жыхарамі горада.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара