У Берасці абмяркоўвалі сітуацыю ва Украіне
Менскія прадстаўнікі Ліберальнага клубу арганізавалі сустрэчу на тэму ’’Што будзе з Еўропай пасля ўкраінскага крызісу?’’ Вялі дыскусію і спрабавалі даць адказы на гэтае пытанне эксперты з польскага, нямецкага, украінскага і беларускага бакоў у рамках традыцыйнага штогадовага мерапрыемства ’’Еўропа ў сакваяжы’’.
Прадстаўнік Ліберальнага клубу, адзін з арганізатараў сустрэчы Вадзім Мажэйка распавёў пра значэнне такіх мерапрыемстваў у рэгіёнах:
– “Еўропа ў сакваяжы’’ – гэта праект Ліберальнага клубу, сэнс якога – данесці з Еўропы ў Беларусь нейкія веды пра еўрапейскую сітуацыю і ўзяць з Беларусі нейкія веды ў Еўропу. Бо дачыненні Беларусь-Еўропа аднабаковыя, таму не адбываецца нейкага абмену ідэямі і ўражаннямі. І мы таксама ведаем, што не так шмат праходзіць мерапрыемстваў у беларускіх рэгіёнах.
Эксперт з украінскага боку Вольга Амяльчук распавяла пра тое, як, на яе думку, на дадзены момант выглядае сітуацыя ва Украіне і як яе можна ахарактарызаваць:
– Ва Украіне мае месца палітычны крызіс – доўгі час ва ўладзе былі тыя людзі, якія не маглі кантраляваць сітуацыю ў краіне, ад чаго яна пагоршылася. Гэта стала адной з прычын ваеннага канфлікту. Па-другое, на сённяшні дзень ідуць ваенныя дзеянні Расейскай імперыі супраць Украіны. Гэта парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці.
Акрамя таго, эксперты паспрабавалі даць адказы на пытанні: у якой Еўропе жывем і будзем жыць, прагнозы развіцця ўкраінскай сітуацыі ды што чакае еўрапейскія краіны і грамадзян Украіны пасля ўкраінскага крызісу.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце