У Берасці адкрылася ганаровае консульства Славакіі



Ганаровае консульства Славакіі адкрылася 17 кастрычніка ў Берасці. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, дыпламатычных місій у Берасці, пасольства Славакіі ў Беларусі.

На цырымоніі паведамлялася, што паўнамоцтвы дыпламатычнай установы распаўсюджваюцца на Берасцейскую і Гарадзенскую вобласці. Ганаровым консулам прызначаны генеральны дырэктар ААТ „Прадтавары” Міхаіл Козіч.

Як адзначыў пасол Славакіі ў Беларусі Ёзэф Мігаш, адкрыццё гэтай дыпламатычнай установы з’яўляецца важнай падзеяй. „На першым месцы ў ганаровага консульства — клопат аб развіцці гандлёва-эканамічных адносін. Мы незадаволеныя тавараабаротам Славакіі з Беларуссю і яе рэгіёнамі. Спынілі яго спад, рухаемся ўверх, але трэба, каб гэта ішло хутчэй, — заявіў пасол. — Міхаіл Козіч — паспяховы прадпрымальнік. І ён можа дапамагчы нам у пашырэнні такога супрацоўніцтва не толькі Берасцейскай і Гарадзенскай абласцей”.

Ёзэф Мігаш сказаў, што пачалася падрыхтоўка праектаў паміж Славакіяй і Берасцейскай і Гарадзенскай абласцямі. „Праекты на стале, ідзе іх абмеркаванне, разлічваюцца грошы, шукаюцца адказныя суб’екты. Я спадзяюся, што ў наступным годзе пачнецца іх практычнае прымяненне”, — дадаў пасол.

Ён выказаў упэўненасць, што ганаровае консульства Славакіі ў Берасці будзе садзейнічаць умацаванню ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі і ў іншых сферах, у прыватнасці адукацыі, культуры і турызму. Паводле слоў пасла, гэта ўжо другое ганаровае консульства Славакіі ў Беларусі. Першае было адкрыта ў 2014 годзе ў Віцебску.

У сваю чаргу старшыня Берасцейскага гарвыканкама Аляксандр Рагачук падкрэсліў, што ў гэтым годзе тавараабарот Берасця са Славакіяй узрос у 2,6 разу. „Гарадскія ўлады будуць аказваць усялякае садзейнічанне ў пашырэнні супрацоўніцтва рэгіёну са Славакіяй ва ўсіх сферах”, — заявіў Рагачук.

У Берасці ўжо працуюць генеральныя консульствы Расеі, Польшчы, консульствы Украіны, Казахстана, ганаровыя консульствы Чэхіі, Венгрыі і Францыі.

belapan.com