У Берасці рыхтуюць назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта Беларусі (абноўлена)
16 адукацыйных трэнінгаў на працягу красавіка і траўня правядуць актывісты кампаніі ’’За справядлівыя выбары’’.
Да ўдзелу запрашаюцца грамадзяне з актыўнай грамадскай і палітычнай пазіцыяй, а таксама тыя, хто неабыякавы да лёсу краіны, – распавядае адзін з каардынатараў кампаніі па назіранні па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вуек:
– На гэтыя трэнінгі мы запрашаем не толькі заангажаваных людзей, але і нашых грамадзянаў – патэнцыйных выбаршчыкаў, каб яны на свае вочы маглі бачыць, што адбываецца на выбарчых участках, як адбываецца падлік галасоў, дзе ёсць яўныя парушэнні.
Мяркуецца, што трэнінгі пройдуць некалькі соцен грамадзян, якія дагэтуль не мелі дачынення да актыўнага грамадскага і палітычнага жыцця краіны.
* * *
Яшчэ ў жніўні 2014 года ў Берасці прайшло паседжанне кааліцыі “Талака”. Падчас яго былі абмеркаваныя: правядзенне актыкарупцыйнай кампаніі, арганізацыя сустрэч з прыхільнікамі дэмакратычных пераменаў у краіне, актывізацыя валантэраў перад пачаткам чарговых выбараў.
Адзін з каарыданатаў кааліцыі “Талака” па Берасцейскай вобласці Уладзімір Вуек распавёў пра мэты сустрэчы:
– Для сябе мы вызначылі такую мэту, як падрыхтоўку да выбарчай кампаніі 2015 года. Галоўным чынам, гэта працэс абрання адзінага кандыдыта. Разам з тым, мы лічым у “Талацэ”, што трэба працаваць з патэнцыйным выбаршчыкамі – з нашымі грамадзянамі.
“Сёння мы займаемся таксама тым, што выяўляем найбольш актуальныя для грамадзян пытанні, шукаем сваю мэтаваю аўдыторыю, з якой мы будзем актыўна працаваць у часе прэзідэнцкіх выбараў”, – дадаў палітык.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце