У Берасці пакуль малая актыўнасць падпісной кампаніі
У Берасці пакуль адзінкавыя выбарчыя пікеты. Некалькі мерапрыемстваў ад пачатку падпісной кампаніі зладзілі прадстаўнікі Руху «За свабоду» ў падтрымку Юрыя Губарэвіча. Астатнія пакуль не даехалі ці толькі збіраюцца да абласнога цэнтра.
Распавядае наш карэспандэнт Аліса Поль:
– Сёння, 28 траўня, прайшоў перадвыбарчы пікет па зборы подпісаў за Ганну Канапацкую. Заяўлена было масавае мерапрыемства ў скверы Памежнікаў, а таксама каля помніка тысячагоддзя.
Штодня на цэнтральных вуліцах горада пікетаў не назіраецца. Пустая вуліца Савецкая, пляцоўка каля калгаснага рынка і цэнтральнага ўнівермага. Сустрэч у падтрымку дзеючай улады таксама не ладзіцца.
На нядзелю, 31 траўня, плануецца вялікі пікет у падтрымку блогера Сяргея Ціханоўскага. Пікет-мітынг пройдзе каля кінатэатра Беларусь і пачнецца а 12-ай гадзіне. Не выключана, што ён будзе сумешчаны з акцыяй пратэсту супраць акумулятарнага завода.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота: pyx.by