У Берасці прайшла канферэнцыя Партыі БНФ
Берасцейская абласная партыя Беларускага Народнага Фронту абмеркавала свае планы на будучыню на канферэнцыі, якая прайшла ў сядзібе Агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч”.
Прынялі ўдзел у канферэнцыі намеснік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч і сябры з рэгіёнаў. Прысутныя абмеркавалі ўдзел у парламенцкіх выбарах і абралі дэлегатаў на з’езд, які мае прайсці восенню. Абмеркавалі пытанні захавання незалежнасці, гаворыць Аляксей Янукевіч:
– Я лічу, што будуць пэўныя вырашальныя моманты, апроч нас гэта ніхто не зробіць. Калі мы гэта здолеем зрабіць, тады з краінай будзе добра. Калі не здолеем, то тады павядуць пад расейскімі сцягамі патрабаваць адстаўкі Лукашэнкі, бо ён кепска сябруе з Пуціным.
Пад час дыскусіі паступіла некалькі прапаноў ад былога кіраўніка Берасцейскай абласной партыі Рыгора Бакіевіча:
– Сёння было б вельмі актуальна падтрымаць рух за дэнансацыю пагаднення Саюзнай дамовы. Партыя павінна была б ужо сёння сфармуляваць патрабаванні кандыдатаў.
Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:
Паводле Бакіевіча, кожны будучы кандыдат павінен усведамляць і змагацца за суверэнітэт і незалежнасць краіны, таксама валодаць не толькі расейскай, але і беларускай мовай.
На канферэнцыі вырашана аднавіць дзейнасць грамадскай арганізацыі БНФ „Адраджэнне”. Узначаліў яе Зміцер Шыманскі.
Беларускае Радыё Рацыя