У Берасці правялі трэнінгі для зборшчыкаў подпісаў



Як пераканаць выбаршчыкаў у неабходнасці правядзення рэформ і дэмакратычных зменаў у краіне – трэнінгі на такую тэму для сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнню кандыдатам на пасаду прэзідэнта Анатоля Лябедзькі прайшлі на Берасцейшчыне.

Спецыялізаваныя навыкі працы з насельніцтвам атрымала паўсотні чалавек. Большасць з іх працуе ў пікетах, а таксама ў межах кампаніі ад дзвярэй да дзвярэй, пра гэта распавяла адна з кіраўнікоў штаба па Берасцейскай вобласці Дыяна Касцюковіч:

– Гэта было вельмі важнае мерапрыемства, каб данесці да кожнага валанцёра сам сэнс гэтай нашай выбарчай кампаніі і сэнс удзелу нашай партыі ў гэтай кампаніі. Павінны заўважыць, што ні ўсе валанцёры сябры АГП – гэта былі проста людзі, якія хочуць перамен, хочуць удзельнічаць у гэтай кампаніі, таму для іх быў канешне новым гэты наш пасыл і да людзей гэты пасыл трэба было данесці.

Як патлумачыла Дыяна Касцюковіч, у межах прэзідэнцкай кампаніі ў Берасцейскай вобласці плануецца сабраць каля дзесяці тысяч подпісаў. За першы тыдзень кампаніі сабрана больш за паўтары тысячы подпісаў.

Беларускае Радыё Рацыя