У Берасці ўлады агітуюць за ўдзел у выбарах (абноўлена)
Назіральнікамі за выбарамі будуць шматлікія прадстаўнікі розных нібыта грамадскіх арганізацый кшталту БРСМ, Белай Русі, Беларускага саюза жанчын ды іншых. Міжнародным назіральнікам цяжка ўявіць сабе падвох з боку гэтых людзей пры супрацы. Таму што замежнікі маюць зусім іншы досвед наконт грамадскіх арганізацый, кажа доўгатэрміновы назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Вялічкін:
– Кароткатэрміновых будуць інструктаваць доўгатэрміновыя назіральнікі. Апошнім трэба добра патлумачыць, хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Арганізацыі, якія ў нас створаны, не проста праўладныя, а яны ў жорсткім падпарадкаванні да ўладаў і будуць рабіць толькі тое, што ім сказалі.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, народ ведае, што выбару няма. Як бы людзі ні галасавалі, вынікам будзе Аляксандр Лукашэнка. Грамадзянам надаела хадзіць на гэтыя спектаклі. Таму зараз галоўны клопат улады – заклікаць людзей на выбары. У гэтую працу ўключаны нават мясцовыя жыллёва-камунальныя арганізацыі.
* * *
У Берасці ніводнага парушэння ў часе агітацыйнай кампаніі з боку зарэгістраваных кандыдатаў на пасаду прэзідэнта не зафіксавана. Пра гэта паведаміў незалежны назіральнік Уладзімір Вялічкін. Адзінае, што кідаецца ў вочы, са словаў праваабаронцы, – гэта агітацыя за ўдзел у выбарчай кампаніі, а менавіта – наведванні выбарчых участкаў:
– На сайтах як выканкамаў, так і на сайтах праўладных газет назіраецца настойлівае замбаванне насельніцтва для таго, каб прыцягнуць выбаршчыка на ўчасткі, бо з-за расчаравання ў выбарчай сістэме Беларусі людзі могуць не пайсці галасаваць.
Незалежны назіральнік падкрэсліў, што ў кандыдатаў няма патрэбы ў выкарыстанні дадатковага адміністрацыйнага рэсурсу, паколькі вынікі выбараў і без таго відавочныя.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце