У Берасці затрымалі сузаснавальніка „Польскай школы”
У Берасці па справе аб „гераізацыі ваенных злачынцаў” затрымалі сузаснавальніка „Польскай школы”, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале афіцыйны прадстаўнік МУС Вольга Чамаданава.
43-гадовы берасцеец знаходзіцца ў статусе падазраванага па распачатай напярэдадні пракуратурай крымінальнай справе за распальванне расавай, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці. Мужчына змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Імя затрыманага не называецца, аднак, хутчэй за ўсё, гэта Аляксандр Наводнічы.
„Устаноўлена, што мужчына — сузаснавальнік школы вывучэння польскай мовы, дзе 28 лютага праходзілі масавыя мерапрыемствы, скіраваныя на прапаганду нацызму, — гаворыцца ў паведамленні. — Аператыўнікі Берасцейскага ўпраўлення ГУБАЗіК МУС сумесна з калегамі з УСК па Берасцейскай вобласці правялі вобшукі ў офісе арганізацыі і па месцы жыхарства работнікаў. Канфіскаваная офісная тэхніка, статутная дакументацыя, плакаты, фатаграфіі і літаратура аб дзейнасці Рамуальда Райса і ўдзельнікаў антыкамуністычнага падполля Польшчы падчас Другой сусветнай вайны”.
Зараз, як адзначаецца ў рэлізе, праводзяцца аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні ўсіх датычных да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў.
Дырэктар „Берасцейскага форуму польскіх лакальных ініцыятыў” Ганна Панішава 11 сакавіка размясціла на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку” відэазварот да грамадскасці, у якім выказала меркаванне, што мэтай гэтай „надуманай справы” і „правакацыі” з’яўляецца ліквідацыя „Польскай школы”. „Распачатая вытворчасць паводле артыкула 130 Крымінальнага кодэкса. Я не юрыст, але мне здаецца, што тут насамрэч ёсць нейкае, магчыма, недастатковае разуменне, магчыма, нейкая злая воля”, — заявіла яна.
9 сакавіка МЗС выклікала часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага, каб заявіць „рашучы пратэст у сувязі з удзелам консула Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Берасці Ежы Цімафеюка ў неафіцыйным мерапрыемстве, прысвечаным „дню праклятых жаўнераў”, 28 лютага ў Берасці з удзелам „прадстаўнікоў звязаных з Польшчай няўрадавых і моладзевых арганізацый„. Цімафеюку было прапанавана пакінуць краіну на працягу 48 гадзін.
„Абсалютна непрымальныя для нас гераізацыя ваенных злачынцаў, цынічнае апраўданне генацыду беларускага народа, грубейшыя парушэнні абавязацельстваў польскага боку па недапушчэнні гераізацыі нацызму”, — заявіла знешнепалітычнае ведамства. На думку МЗС, сваімі злачынствамі ў месцах кампактнага пражывання беларускай нацыянальнай меншасці „праклятыя жаўнеры” пад камандаваннем Рамуальда Райса „паставілі сябе на адзін узровень з гітлераўскімі карнікамі”.
10 сакавіка пракурор Берасця распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 130 КК па факце „здзяйснення групай асоб наўмысных дзеянняў, скіраваных на распальванне нацыянальнай, рэлігійнай варожасці і варожасці па прыкмеце нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай прыналежнасці, і здзяйснення наўмысных дзеянняў па рэабілітацыі нацызму”.
Прэс-служба Генпракуратуры паведаміла, што падчас даследчай праверкі ўстаноўлена: 28 лютага 2021 года ў памяшканні, арандаваным культурна-адукацыйнай установай „Берасцейскі форум польскіх лакальных ініцыятыў” і ТАА „Польская школа”, „з удзелам непаўналетніх і моладзі праведзенае незаконнае масавае мерапрыемства”. „Апранутыя ў нацыянальную форму польскай скаўцкай арганізацыі маладыя людзі выконвалі песні, чыталі вершы, што праслаўляюць ваенных злачынцаў, у тым ліку Рамуальда Райса, вядомага па мянушцы Буры”, — гаварылася ў паведамленні нагляднага органа.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач 10 сакавіка паведаміў у „Твітэры”, што адзін з супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Варшаве абвешчаны персонай нон грата. „У адказ на варожыя і неабгрунтаваныя дзеянні беларускіх уладаў у дачыненні да польскага консула ў Берасці Польшча сёння абвясціла дыпламата з пасольства Беларусі ў Варшаве персонай нон грата. Адпаведная інфармацыя была перададзеная ў дыпламатычнай ноце падчас сустрэчы ў МЗС Польшчы”, — напісаў Пшыдач.
11 сакавіка МЗС Беларусі зноў выклікаў Вайцяхоўскага і ўручыў польскаму дыпламату ноту „ў сувязі з празмерным, асіметрычным і дэструктыўным адказам Польшчы на правамоцнае і матываванае рашэнне Беларусі ў дачыненні да консула Генеральнага консульства Польшчы ў Берасці Е.Цімафеюка, а таксама ігнараваннем адпаведных просьбаў беларускага боку”. Гэтым разам пакінуць Беларусь на працягу 48 гадзін было прапанавана кіраўніку і консулу генеральнага консульства Польшчы ў Гародні.
Марцін Пшыдач заявіў на гэта, што Польшча пакідае за сабой права на „адэкватны адказ”.