У Берліне абмяркуюць украінскае пытанне
Міністэрства замежных спраў Украіны анансавала трохбаковую сустрэчу ўкраінскага прэзідэнта Пятра Парашэнкі, канцлера Нямеччыны Ангелы Меркель і прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда, якая мае адбыцца ў Берліне 24 жніўня. На сустрэчы абмяркуюць сітуацыю на ўсходзе Украіны.
Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– Адразу звартае на сябе ўвагу адсутнасць сярод запрошаных расейскага кіраўніка Уладзіміра Пуціна. Прычына навідавоку – штодзённыя парушэнні менскіх пагадненняў з боку сепаратыстаў ДНР і ЛНР, якія дзейнічаюць пры непасрэднай вайсковай, эканамічнай і палітычнай падтрымцы Расейскай Федэрацыі. Да таго ж застаецца верагодным чарговы наступ прарасейскіх баевікоў у марыўпальскім кірунку.
У Кіеве мяркуюць, што толькі супольныя дзеянні кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў здольныя спыніць далейшы наступ “русского мира”. З гэтай прычыны берлінскую сустрэчу ўжо назвалі спробай сфармаваць антырасейскую кааліцыю.
Пётр Парашэнка выпраўляецца ў Нямеччыну 24 жніўня, адразу пасля святкавання Дня незалежнасці Украіны.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота sharij.net