Пазіцыя міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Лукашэнкі павінна аб’яднацца



 Прадстаўнік экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі завяршыў рабочы візіт у Берлін.

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, у рамках паездкі ён сустрэўся са старшынёй камітэта па міжнародных адносінах Бундэстага, кіраўнікамі рэгіянальных дэпартаментаў апарата канцлера і МЗС ФРГ, а таксама з прадстаўнікамі медыя, бізнес-супольнасці, вядучых аналітычных структур, кіруючай партыі Германіі і яе моладзевага крыла.

На сустрэчах абмяркоўваліся пратэстныя настроі беларусаў і адмова ўладаў ад дыялогу па выхадзе з палітычнага крызісу, гвалт, суды над палітвязнямі. Разглядаліся пытанні „ўзмацнення ціску на Лукашэнку, у тым ліку праз увядзенне санкцый супраць „кашалькоў” рэжыму, суддзяў, пракурораў, следчых, якія адмовіліся прытрымлівацца закону, ключавых прадпрыемстваў у дзяржуласнасці”, адзначылі ў прэс-службе.

Акрамя таго, на сустрэчах з палітыкамі закраналася тэма палітычнай ізаляцыі рэжыму і недапушчальнасці прызнання міжнародных дамоўленасцяў за подпісам Аляксандра Лукашэнкі, абмяркоўвалася аб’яднанне пазіцыі міжнароднай супольнасці ў дачыненні да Лукашэнкі, каардынацыя ў гэтым пытанні на ўзроўні ЕС, ЗША, Вялікабрытаніі і Канады, прыняцце сумесных мер па пошуку выхаду з крызісу ў Беларусі, у тым ліку з дапамогай медыяцыі.

Акрамя гэтага, уздымалася пытанне аб падтрымцы грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, шэфстве над палітвязнямі, дапамозе рэпрэсаваным грамадзянам, а таксама малому і сярэдняму бізнесу.

Рабочая паездка Кавалеўскага працягнецца ў Румыніі.

Еўрасаюз разглядае магчымасць прыняцця далейшых санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў. Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў па выніках пасяджэння Савета міністраў замежных спраў краін ЕС, якое адбылося 22 лютага ў Бруселі.

Першы пакет санкцый быў уведзены Еўрасаюзам 2 кастрычніка, пасля спіс асоб, якія падпадаюць пад іх дзеянне, быў пашыраны другім і трэцім пакетамі 6 лістапада і 17 снежня адпаведна. Адметнасцю трэцяга пакета стала тое, што акрамя персаналій у яго ўключаныя арганізацыі. Зараз санкцыі распаўсюджваюцца на 88 фізічных і сем юрыдычных асоб. Сцвярджалася, што санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да прадстаўнікоў Беларусі, якія тым ці іншым чынам маюць дачыненне да фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і далейшых рэпрэсій у дачыненні да мірных грамадзян.

belapan.by