У Берліне пройдзе канферэнцыя, прысвечаная Беларусі



Офіс Святланы Ціханоўскай рыхтуецца да важнай канферэнцыі ў сталіцы Нямеччыны, дзе збіраюцца дэпутаты парламентаў розных еўрапейскіх краін, прадстаўнікі груп «За дэмакратычную Беларусь».

Такія дэпутацкія групы ўжо аб’ядноўваюць больш за 250 парламентарыяў, якія ў сваіх краінах займаюцца тэмай Беларусі. Паведаміў для нашага радыё дарадца Офісу па канстытуцыйнай рэформе і міжпарламенцкай супрацы Анатоль Лябедзька. Мерапрыемства запланаванае у лістападзе.

-7 лістапада адбудзецца сустрэча чальцоў Альянсу групаў “За дэмакратычную Беларусь”. У 21-м парламенце створаны групы “За дэмакратычную Беларусь”. Яны розныя па колькасным складзе. Напрыклад, у французскай групе – 5 дэпутатаў, а ў Італьянскім парламенце іх 62. Але яны ёсць і гэта такі наш здабытак. Гэта  наша прабеларускае лобі. Гэта, як я кажу, дэпутаты, заражаныя вірусам беларускасці.

Палітыкі збіраюцца ў Берліне і абмяркоўваюць, што варта зрабіць ў рамках Альянсу парламенцкіх груп „За дэмакратычную Беларусь”. Усё дзеля прасоўвання інтарэсаў дэмакратычнай Беларусі ў Еўропе і таксама па-за яе межамі – працягвае Анатоль Лябедзька:

-Паслухаем розныя прыклады нашай дзейнасці ў той ці іншай краіне, што мы ўжо зрабілі і што мы можам зрабіць. А на другі дзень, 8-га ў Бундэстагу будзе разглядацца Беларускае пытанне, будзе дыскусія,  у якой будзе прымаць удзел Святлана Ціханоўская. Там будзе прымацца рэзалюцыя па Беларусі. Таксама вельмі важны дзень, важная падзея.

Палітык заўважае, што альянс парламенцкіх груп „За дэмакратычную Беларусь” – гэта не фармальная прысутнасць прыхільнікаў і сяброў дэмакратычнай Беларусі ў парламентах Еўропы, але рэальныя крокі незалежнай дыпламатыі.

Беларускае Радыё Рацыя