У Берасці забаранілі пікеты за адстаўку Лукашэнкі
Пікеты за адстаўку кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і супраць фінансавага крызісу ў краіне забаронены ў Берасці. Адказы пра немагчымасць іх правядзення атрымалі актывісты берасцейскай абласной арганізацыі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі.
У час пікетаў актывісты хацелі распавесці пра Антыкарупцыйную платформу і папулярызаваць новы эканамічны курс краіны, што распрацавалі сябры партыі, – расказаў адзін з заўянікаў масавых мерапрыемстваў Уладзімір Вуек:
– Зразумела, чаму забаранілі, бо вертыкаль выбудавана адным чалавекам, адстаўкі якога мы і патрабуем. Ён вінаваты ў тым, што адбываецца ў нашай краіне, у крызісе беларускай эканомікі, валютна-фінансавым крызісе. Ён прывёў нашую краіну да збяднення і ўвёў у стан крызісу.
Агулам было запланавана на 17 студзеня ў розных месцах гораду правесці каля двух дзясяткаў пікетаў. Мерапрыемствы былі не дазволеныя па фармальных прычынах.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце