У БРІКС увойдуць шэсць новых краін. Галоўныя вынікі саміту



Падрабязнасці ў аглядзе сусветных СМІ ад Антона Разумоўскага.

У сталіцы Паўднёва Афрыканскай рэспублікі Ёханэсбургу завяршыўся 15-ы саміт БРІКС, які праходзіў з 22-24 жніўня, паведамляе Associated press. Галоўны вынік: прынятае рашэнне аб маштабным пашырэнні эканамічнага клуба. З 2024 года „пяцёрка” (Бразілія, Расея, Індыя, Кітай і ПАР) прырасце яшчэ дзвюма краінамі Афрыкі, адной – з Лацінскай Амерыкі і трыма – з Блізкага Усходу. А вось праекты адзінай валюты БРІКС і альтэрнатыўных плацежных сістэм пакуль не ўзгоднены. У выніковай дэкларацыі саміту гаворыцца, што ў 2024 годзе да БРІКС далучацца Егіпет, Эфіопія, Аргенціна, Іран, ААЭ і Саудаўская Аравія. Прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва адзначыў, што пасля пашырэння сукупны ВУП 11 краін складзе 37 працэнтаў ад сусветнага і на аб’яднанне будзе прыпадаць 46 працэнтаў сусветнага насельніцтва. Нагадаю, што беларускія ўлады таксама заяўлялі аб жаданні ўступіць у арганізацыю, але сваёй чаргі Беларусі давядзецца пачакаць. Адмовы ад даляра і запуску альтэрнатыўнай плацёжнай сістэмы ў рамках БРІКС, пра што шмат гаварылася напярэдадні саміту, не адбылося. Ініцыятывы па-ранейшаму абмяркоўваюцца, але іх перспектывы пакуль туманная.

Былы прэзідэнт Дональд Трамп завяршыў працэс афармлення ў турме акругі Фултан штата Джорджыя і вызвалены пад заклад, паведамляе тэлеканал CNN. Пасля гэтага яго картэж адправіўся ў аэрапорт. Працэс афармлення заняў каля 20 хвілін. Па словах памочнікаў экс-прэзідэнта, яго сфатаграфавалі. У турэмных запісах значыцца, што Трамп быў арыштаваны і змешчаны ў турму акругі і вызвалены пад заклад. Раней паведамлялася, што суд у штаце Джорджыя пагадзіўся пакінуць Трампа на волі пад заклад у 200 тысяч даляраў. Вялікае журы прысяжных Джорджыі прад’явіла Трампу і групе з 18 чалавек абвінавачання, звязаныя са спробамі адмяніць вынікі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў штаце. Былы прэзідэнт абвінавачваецца па 13 пунктах, сярод якіх парушэнне закону штата аб барацьбе з рэкетам і карупцыяй, падбухторванне да парушэння прысягі дзяржаўнымі служачымі, змова з мэтай падробкі і падача ілжывых дакументаў.

Мільярдэр з ЗША і ўладальнік сацыяльнай сеткі X (былая Twitter) Ілон Маск павіншаваў Індыю з паспяховай пасадкай касмічнай станцыі на спадарожнік Зямлі Месяц, чытаем у The New York Times. Пра гэта Маск напісаў у сацыяльнай сетцы. «Віншую, Індыя», – коратка напісаў Ілон Маск. Раней індыйскае касмічнае агенцтва паспяхова пасадзіла на Месяц апарат у рамках місіі «Чандраян-3». У прамым эфіры, які паказвалі на youtube-канале, за пасадкай апарата сачылі 7 мільёнаў 800 000 чалавек. Індыя стала першай краінай, якая змагла пасадзіць касмічны карабель паблізу паўднёвага полюса Месяца і чацвёртай краінай пасля СССР, ЗША і Кітая, якая ўвогуле ажыццявіла пасадку свайго апарата на спадарожнік Зямлі.

У Зімбабвэ яўка на ўсеагульныя выбары апынулася вышэй за чаканую. Улады працягнулі галасаванне на дзень, паведамляе Euronews.

На выбары (а ў Зімбабвэ адразу галасуюць за прэзідэнта, парламент і муніцыпалітэты) выйшлі 11 кандыдатаў, але рэальная барацьба ідзе, як і ў 2018 годзе, паміж дзейным прэзідэнтам Эмерсанам Мнангагвай і апазіцыйнай „Грамадзянскай кааліцыяй за перамены” Нэльсана Чамізы. Калі першы тур не выявіць пераможцу, то ў кастрычніку ў краіне пройдзе другі.

Урад Нямеччыны прыняў законапраект, які спрашчае змену пола, піша „Нямецкая хваля”. З гэтага часу дастаткова запоўніць заяву ў аддзелах запісу актаў грамадзянскага стану. У адносінах да асобаў, якія не дасягнулі 14-гадовага ўзросту, зрабіць запыт змогуць толькі бацькі або апекуны. Праект „гендэрнага самавызначэння” (яго яшчэ трэба будзе разгледзець парламенту), накіраваны на тое, каб „аблегчыць трансгендэрам, інтэрсэксуалам і небінарным людзям змяненне полу і імя ў запісах актаў грамадзянскага стану”, гаворыцца ў прэс-рэлізе нямецкага міністэрства па справах сям’і.

Аднак законапраект – даўняе патрабаванне ЛГБТК супольнасці – выклікаў палеміку, асабліва ў кансерватыўных колах.

Беларускае Радыё Рацыя