У Бруселі адбылося пасяджэнне рабочай групы па Беларусі
Пасяджэнне рабочай групы па Беларусі адбылося 26 чэрвеня ў межах 7-й сесіі Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранест) у Бруселі.
Як паведаміў БелаПАН старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, акрамя яго ад краіны ў мерапрыемстве бралі ўдзел старшыня руху „За Свабоду” Юрый Губарэвіч, кіраўнік Беларускай партыі левых „Справядлівы свет” Сяргей Калякін, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі, намеснікі старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч і Беларускай сацыяльна-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ірына Вештард, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, палітыкі Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч.
Паводле слоў Лябедзькі, удзельнікі пасяджэння крытычна ацанілі ўзровень дыялогу. Беларускі бок адзначыў, што галоўным для прагрэсу ў краіне з’яўляецца правядзенне дэмакратычных выбараў, а не эканамічная дапамога.
Сесія Еўранеста праходзіць 25—27 чэрвеня. Яе асноўнымі тэмамі заяўленыя рэгіянальная бяспека, прамыя замежныя інвестыцыі і барацьба з адмываннем грошай і карупцыяй.
Афіцыйную дэлегацыю беларускага парламента не запрашаюць для ўдзелу ў сесіях Еўранеста. Ад краіны прыязджаюць прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі.
Парламенцкая асамблея Усходняга партнёрства (Еўранест) створаная ў 2009 годзе. Планавалася, што ў яе ўвойдуць 60 дэпутатаў Еўрапарламента і па 10 дэпутатаў ад кожнай з шасці краін — удзельніц Усходняга партнёрства (Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Малдова, Украіна). Складанасці ўзніклі толькі з Беларуссю: з-за непрызнання выбараў у Нацыянальны сход адпаведнымі дэмакратычным стандартам. Прапаноўваліся розныя варыянты фармавання беларускай дэлегацыі ў Еўранесце, у тым ліку падзел беларускіх месцаў паміж дэпутатамі, прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Афіцыйны Мінск усё варыянты адхіліў, настойваючы на тым, што краіну ў Еўранесце павінны прадстаўляць толькі дэпутаты Нацыянальнага сходу. Гэтую пазіцыю падтрымалі і астатнія краіны Усходняга партнёрства.
З-за гэтых рознагалоссяў устаноўчую сустрэчу Еўранеста некалькі разоў пераносілі. Пошукі кампрамісу доўжыліся да таго часу, пакуль жорсткі разгон дэманстрацыі 19 снежня 2010 года ў Мінску пасля прэзідэнцкіх выбараў не прывёў да рэзкай змены палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. У выніку ў лютым 2011 года было прынятае рашэнне аб скліканні першага пасяджэння Еўранеста без беларускай дэлегацыі, і яно адбылося 3 мая 2011 года. У рэгламент Еўранеста быў унесены пункт пра тое, што прысутнічаць у гэтай структуры можа толькі тая краіна, дзе выбары адпавядаюць стандартам АБСЕ.