У Бруселі праходзіць беларуска-ўкраінскі пікет
Актывісты Беларуска-еўрапейскага задзіночання праводзяць у Бруселі інфармацыйны пікет, датычны ваенных падзей ва Украіне. Акцыя пачалася літаральна некалькі хвілін таму на плошчы Шумана ў сталіцы Бельгіі. Арганізатар пікету, Зміцер Піменаў, распавёў, што актывісты падрыхтавалі інфармацыйныя ўлёткі на ангельскай і французскай мовах:
-Хочам давесці да чыноўнікаў і жыхароў Еўропы, што ва Украіне ніякая не грамадзянская, не міжукраінская праблема, а агрэсія з боку Крамля. Гэта галоўная мэта нашага пікета і галоўны змест нашых улётак, мы хочам расказаць пра нашае бачанне сітуацыі ва Краіне.
Як адзначыў Зміцер Піменаў, да пікету далучаюцца і ўкраінскія актывісты, якія прынеслі плакаты з антываеннымі лозунгамі.
Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя
Фота tagan.livejournal.com