Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання ў Бруселі



Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, Валянцін Стэфановіч 27.02.2019 перад афіцыйным адкрыццём 7-ага Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

Андрэй Палуда, Любоў Кавалёва, Валянцін Стэфановіч перад афіцыйным адкрыццём 7-ага Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

У Еўрапейскім парламенце ў Брусэлі сёння, 27 лютага, адбылося афіцыйнае адкрыццё 7-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання – найбуйнейшай сусветнай падзеі, прысвечанай адмене смяротнага пакарання ва ўсіх краінах свету. 

Адкрыццё 7-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

Адкрыццё 7-га Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

На мерапрыемстве прысутнічаюць беларускія праваабаронцы, прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі” Андрэй Палуда і Валянцін Стэфановіч, а таксама маці расстралянага Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва

Акрамя таго, у працы Кангрэса ўдзельнічае афіцыйная дэлегацыя з Беларусі ў складзе намесніка міністра замежных спраў Алега Краўчанкі,  дэпутата Палаты прадстаўнікоў, старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэя Навумовіча і Андрэя Пушылы.

Падчас адкрыцця Кангрэсу выступілі кіраўніца ЕС па замежных сувязях і бяспецы Федэрыка Магерыні, намеснік Прэм’ер-міністра Бельгіі Дзідзье Рэйндарс, прадстаўнік Швейцарыі Паскаль Баерысвіль, сакратар замежных спраў Нарвегіі Аўдун Халваснер і іншыя.

Выступоўцы агучылі статыстыку, якая сведчыць пра тое, што большасць краін свету ўжо не прымяняюць смяротнае пакаранне. Так, 103 краіны цалкам адмянілі смяротнае пакаранне, 173 краіны ўвялі мараторый ці не прымяняюць яго на практыцы. 86 краін ратыфікавалі Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і такім чынам узялі на сябе абавязацельствы па поўнай адмене смяротнага пакарання і невыкарыстанні яго ніколі ў будучым.

Прадстаўнік Бельгіі Дзідзье Рэйндарс у сваім выступе закрануў сітуацыю ў нашай краіне. Ён заклікаў Беларусь адмовіцца ад прымянення смяротнага пакарання, бо Еўропа мусіць быць цалкам вольнай ад яго.

З відэазваротам да ўдзельнікаў Кангрэсу выступіў Папа Рымскі Францішак, адзначыўшы, што “кожнае жыццё – бясцэннае”.

Таксама да ўдзельнікаў звярнуўся Генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш.

Валянцін Стэфановіч, Любоў Кавалёва і Андрэй Палуда на адкрыцці Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

Валянцін Стэфановіч, Любоў Кавалёва і Андрэй Палуда на адкрыцці Сусветнага кангрэсу супраць смяротнага пакарання

7-ы Сусветны кангрэс супраць смяротнага пакарання праходзіць у Брусэлі з 26 лютага па 1 сакавіка. Мерапрыемства аб’яднала палітыкаў, актывістаў, юрыстаў, даследчыкаў і іншых людзей, якія ўдзельнічаюць у барацьбе за адмену смяротнага пакарання ва ўсім свеце.

28 лютага праваабарончы цэнтр „Вясна” сумесна з ЕCPM (НДА „Разам супраць смяротнага пакарання”), FIDH (Міжнародная федэрацыя за правы чалавека) і Радай Еўропы правядзе пазапраграмнае мерапрыемства „Чаму ў Беларусі працягваюць ужываць смяротнае пакаранне?”

Кангрэс завершыцца, як звычайна, Сусветным маршам за адмену смяротнага пакарання, які ўпершыню пройдзе па вячэрнім Брусэлі.

spring96.org