У Бруселі пройдуць дэбаты па сітуацыі ў Беларусі
У Бруселі на чарговай сесіі Еўрапейскага парламента запланаванае правядзенне дэбатаў пра сітуацыю ў Беларусі. Еўрапарламентарыі абмяркуюць ход перадвыбарчай кампаніі ў Беларусі і затрыманні лідараў ды актывістаў апазіцыі, гаворыцца ў паведамленні на сайце Еўрапарламента. Верагодна, размова таксама пойдзе пра магчымасць увядзення санкцый супраць Лукашэнкі і чыноўнікаў Беларусі, якія парушаюць законы і перашкаджаюць правядзенню перадвыбарнай кампаніі.
Прынамсі з такой ініцыятывай выступіў 31 дэпутат Еўрапарламента. Каментуе дырэктар установы „Еўрапейскі дыялог” Анатоль Лябедзька:
– Канешне, санкцыі – гэта такая выключная мера, апошняя. Тут усё будзе залежыць ад таго, вось сам факт абмеркавання, дыскусіі, ён нейкім чынам паўплывае на дзейнасць КДБ, МУС, пракуратуры, адміністрацыі Лукашэнкі ці не. Калі гэта будзе стрымліваючым фактарам, то гэта адна перспектыва. Калі пасля гэтага нічога не мяняецца, то канешне верагоднасць увядзення, падкрэсліваю, кропкавых санкцый, візавых, фінансавых, ён узрастае.
Але вельмі важна, каб санкцыі былі кропкавыя, за канкрэтныя парушэнні, ці то з боку міністра сілавых ведамстваў, ці то старшыні выбарчай камісіі, дадае Анатоль Лябедзька. Тады грамадства зразумее супраць каго і дзеля чаго ўведзеныя гэтыя санкцыі, падсумаваў палітык.
Беларускае Радыё Рацыя