У Бруселі пройдзе чарговая сустрэча каардынацыйнай групы ЕЗ – Беларусь
Чацвёртая паўгадавая сустрэча каардынацыйнай групы ЕЗ — Беларусь пройдзе ў Бруселі 19—20 снежня, паведамілі БелаПАН у прадстаўніцтве Еўразвяза ў Беларусі.
Дэлегацыя ЕЗ на чале з кіраўнічым дырэктарам па пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў Томасам Майр-Хартынгам будзе ўключаць прадстаўнікоў Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў і генеральных дырэктаратаў Еўрапейскай камісіі па пытаннях еўрапейскай палітыкі суседства, гандлю, энергетыкі, фінансаў, мытні, унутраных спраў, адукацыі і культуры.
„Удзельнікі сустрэчы засяродзяцца на двухбаковых прыярытэтах партнёрства, пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, супрацоўніцтве ў рамках Усходняга партнёрства, галіновых пытаннях у сферах эканомікі і фінансаў, гандлю, транспарту, мытні, аховы навакольнага асяроддзя і энергетыкі, мабільнасці і супрацоўніцтва ў мэтах развіцця ды іншых”, — адзначылі у прадстаўніцтве ЕС.
У сустрэчы таксама возьмуць удзел эксперты і прадстаўнікі шэрагу няўрадавых арганізацый Беларусі.
Працай беларускай часткі групы кіруе намеснік міністра замежных спраў, у яе таксама ўваходзяць прадстаўнікі шэрагу іншых органаў дзяржкіравання. Першая сустрэча адбылася ў Бруселі 6—7 красавіка 2016 года.
Група збіраецца два разы на год, каб падвесці вынікі ў поўным спектры адносін ЕЗ і Беларусі і дамовіцца пра далейшыя крокі. Як адзначыў кіраўнік аддзела па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, выступаючы 17 лістапада на Мінскім форуме, на пасяджэннях каардынацыйнай групы абмяркоўваюць прыярытэты партнёрства Беларусі і ЕС, сярод якіх стымуляванне эканомікі, садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, экалагічная і іншыя тэмы.
„Мне здаецца, Беларусь з’яўляецца адным з узорных прыкладаў таго, што Еўрасаюз не прытрымліваецца аднастайнага падыходу ў дачыненні да ўсіх, з кім суседнічае, — сказаў Шубель. — Беларусь як раз дэманструе, што краіна-сусед сама можа выбіраць з таго набору опцый, які прапануе Усходняе партнёрства”. У прыватнасці, растлумачыў ён, Беларусь з’яўляецца адной з вядучых краін Усходняга партнёрства па прасоўванні лічбавай эканомікі. „Беларусь выступае адным з ініцыятараў ў развіцці гэтага кірунку. Відавочна, што Беларусь бачыць надзённыя патрэбы часу і гатовая рэфармаваць сваю эканоміку на аснове лічбавых тэхналогій”, — сказаў Шубель.
Ён таксама адзначыў, што пасля „адмены большай часткі санкцый ЕЗ супраць беларускага кіраўніцтва” Еўрасаюз адкрыў для Беларусі магчымасць удзелу ў розных праграмах. „29 мільёнаў еўра паступаюць у Беларусь — гэта добры пачатак. Хоць, вядома, непараўнальна з тымі сумамі, якія паступаюць у іншыя краіны”, — дадаў Шубель.