У Бруселі пройдзе сустрэча каардынацыйнай групы «Еўразвяз – Беларусь»



Сустрэча каардынацыйнай групы «Еўразвяз — Беларусь» пройдзе 19–20 снежня. Пра гэта паведамлілі ў прадстаўніцтве ЕЗ у Беларусі. «Удзельнікі сустрэчы засяродзяцца на двухбаковых прыярытэтах партнёрства, пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, супрацы ў рамках „Усходняга партнёрства“, галіновых пытаннях у сферах эканомікі і фінансаў, гандлю, транспарту, мытні, аховы навакольнага асяроддзя і энергетыкі, мабільнасці ды іншых». Падкрэсліваецца, што разам з дзяржаўнымі чыноўнікамі ў сустрэчы будуць удзельнічаць эксперты і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый з Беларусі.

Дэлегацыю Еўразвяза ачоліць Томас Майр-Гартынг, кіраўнічы дырэктар у пытаннях Еўропы і Цэнтральнай Азіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. На чале беларускай дэлегацыі будзе намеснік кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Алег Краўчанка. Каардынацыйная група створаная ў 2016 годзе дзеля структураванага палітычнага дыялогу па ўсім спектры двухбаковага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Еўразвязам.

Беларускае Радыё Рацыя