У чарговых вучэннях будуць удзельнічаць больш за 700 чалавек з краін АДКБ
У камандна-штабных вучэннях „Непарушнае братэрства — 2020”, якія пройдуць 12—16 кастрычніка на палігоне Лосвіда ў Віцебскай вобласці, возьмуць удзел больш за 700 чалавек з краін Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі.
Да манеўраў прыцягнуць вайскоўцаў дзяржаў АДКБ, аператыўныя групы аб’яднанага штаба і сакратарыята арганізацыі, паліцэйскія і міліцэйскія сілы, а таксама падраздзяленні міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях.
Падчас вучэнняў плануецца задзейнічаць больш за 100 адзінак ваеннай і спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку верталёты і беспілотныя лятальныя апараты.
У якасці назіральнікаў запрошаныя прадстаўнікі Міжнароднага камітэта Чырвонага крыжа.
„На першым этапе „Непарушнага братэрства — 2020″ будзе ажыццяўляцца падрыхтоўка міратворчай аперацыі калектыўнымі міратворчымі сіламі (КМС) АДКБ, — адзначылі ў ваенным ведамстве. — Падчас другога этапу вучэнняў прадугледжаны розыгрыш практычных дзеянняў падраздзяленняў КМС АДКБ у межах вядзення аперацыі па падтрыманні міру”.
Вучэнні праводзяцца штогод з 2012 года на тэрыторыі краін — удзельніц АДКБ.
Сёлета з-за ўзброенага канфлікту ў рэгіёне Нагорнага Карабаха ў манеўрах не будзе ўдзельнічаць вайсковы кантынгент Арменіі.