У Чэхіі будуць судзіць кіраўнікоў ЧССР



У Чэхіі адкрылі крымінальную справу супраць былых кіраўнікоў камуністычнай партыі. Іх абвінавачваюць у датычнасці да гібелі людзей, якія спрабавалі перасекчы мяжу Чэхаславаччыны, паведамляе aktualne.cz.

Гаворка ідзе пра былога генеральнага сакратара чэхаславацкай камуністычнай партыі Мілаша Якеша, былога кіраўніка ўраду Любаміра Штроўгале і былога міністра ўнутраных спраў Враціслава Вайнара.

Мілаш Якеш

Справу супраць іх вядзе Упраўленне па расследаванні злачынстваў камунізму. Яно адзначае, што ў 1976 годзе Чэхаславаччына далучылася да міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які прадугледжваў свабодны выезд са сваёй краіны. Аднак за мяжу пускалі далёка не ўсіх з-за устаноўленага дазвольнага парадку. У выніку, гаворыцца ў матэрыялах справы, функцыянеры – у тым ліку Якеш, Штроўгал і Вайнар – загадалі памежнікам адкрываць агонь па парушальніках або спускаць на іх сабак.

Загінулі, паводле расследавання, дзевяць чалавек, яшчэ столькі ж па меншай меры былі параненыя. Абвінавачаных з-за ўзросту не сталі заключаць пад варту на час следства. У выпадку доказу іхнай віны Штроўґалу, Якешу і Вайнару пагражае ад 2 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Якеша раней абвінавачвалі ў садзейнічанні ўводу савецкіх войскаў у Чэхаславаччыну ў 1968 годзе, аднак яго апраўдалі з-за недахопу доказаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Foto: Ludvík Hradilek і Shutterstock