У Чэхіі ствараюць партыю ў падтрымку Пуціна
Новая структура хоча змагацца з «гегемоніяй ЗША» ў свеце і ператварыць Чэхію ў «мост паміж Усходам і Захадам».
Пра фармаванне новай палітычнай адзінкі паведаміў (у інтэрвію чэскаму прадстаўніцтву расейскага дзяржаўнага агенцтва «Спутник») яе лідар Іржы Вівадзіл. Палітычны рух (ці нават партыя), паводле яго слоў, ствараецца на аснове нефармальнай структуры «Сябры Расеі ў Чэскай Рэспубліцы», якая з’явілася ў сакавіку 2015 як група ў Facebook.
Іржы Вівадзіл — вядомы ў Чэхіі юрыст і палітык, у мінулым — дэпутат чэшскага парламента, сенатар, намеснік міністра юстыцыі Чэшскай рэспублікі ў 2005-2006 гадах і суддзя Вярхоўнага адміністрацыйнага суда ў той жа перыяд.
Паводле Вівадзіла, штуршком да ператварэння нефармальнай структуры ў палітычную стаў нядаўні працяг краінамі захаду санкцый супраць Расеі. Мэта руха — стварыць «крытычную альтэрнатыву» партыям.
«Мы перакананыя, што за чвэрць стагоддзя, якія аддзяляюць нас ад 1989 года, легкадумны дрэйф у бок Захада завёў нас у пастку. Мы сталі саўдзельнікамі злачынстваў у Іраку, Лівіі і Сірыі, а менавіта гэтыя канфлікты — прычына шматмільённай міграцыі, якая ахапіла сёння Еўропу».
У інтэрвію Іржы Вівадзіл выказвае салідарнасць з цяперашнім прэзідэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, які не валодае, згодна з чэшскай Канстытуцыяй, сур’ёзнымі паўнамоцтвамі, аднак бліскуча валодае антызаходняй рыторыкай. У калядным звароце да народа Зэман, у прыватнасці, назваў масавую міграцыю апошняга года «спланаваным уварваннем».
Сярод блізкіх яму сусветных палітыкаў Вівадзіл назваў лідэра «Нацыянальнага фронту» Францыі Марын Ле Пен, былога прэм’ера Грэцыі Алексіса Цыпраса і амерыканскага рэспубліканскага палітыка Дональда Трампа (усіх іх лічаць «сябрамі Расеі»). Асноўная палітычная тэза Вівадзіла — неабходнасць барацьбы з «панаваннем ЗША ў свеце».
Пераадолець «амерыканскую гегемонію», на думку Вівадзіла, можа толькі цяперашні прэзідэнт Расеі ў супрацы з Кітаем або Індыяй.
Для таго, каб падаць дакументы на рэгістрацыю, прапуцінскі рух у Чэхіі павінен сабраць тысячу подпісаў. Па фінансаванне сваёй дзейнасьці Іржы Вівадзіл плянуе звярнуцца да грамадзян Расеі. На яго думку, расейцам будзе выгадна, калі Чэхія стане «мостам паміж Усходам і Захадам».
Прарасейскія партыі ўжо існуюць у некалькіх краінах Еўропы. У прыватнасці, у Вялікабрытаніі створаная партыя «За Расею» — «для абароны інтарэсаў рускіх і рускамоўнага насельніцтва на тэрыторыі Вялікабрытаніі». А ў суседняй з Чэхіяй Славаччыне на выбары 2016 ідзе прарасейская кааліцыя «Адвага».