У Чорным моры пачаліся вучэнні НАТА і Украіны Sea Breeze–2021
У акваторыі Чорнага мора 28 чэрвеня пачаліся буйныя ваенна-марскія вучэнні Sea Breeze–2021 з удзелам войск Украіны і краін НАТА, у тым ліку Польшчы. У іх задзейнічаны 32 баявыя караблі, 40 самалётаў, 5 тыс. вайскоўцаў і 18 атрадаў спецыяльных ды падводных аперацый з 17 краін-членаў НАТА, а таксама партнёраў альянсу. Агулам запланаваны ўдзел вайскоўцаў з 32 краін.
У ходзе вучэнняў будуць адпрацоўвацца баявыя дзеянні на моры, сушы і ў паветры, у тым ліку высадка дэсанту.
Манеўры Sea Breeze, арганізаваныя Украінай і ЗША, праводзяцца з 1997 года.
«Вучэнні будуць найбуйнейшымі з 1997 года. Іх мэта – падрыхтаваць штабы і падраздзяленні ВМС Украіны да выканання пастаўленых задач у адпаведнасці са стандартамі і працэдурамі НАТА, а таксама атрымаць вопыт сумеснай дзейнасці ў ходзе шматнацыянальных аперацый, у тым ліку ў стабілізацыйных і міратворчых місій», – падкрэсліў начальнік Генштаба УС Украіны генерал-палкоўнік Руслан Хомчак.
Фота: armyinform