У чым хітрая задума з канстытуцыйнай рэформай?



„Самае дзіўнае ва ўсёй гэтай палітычнай кампаніі палягае ў тым, што ніхто ўцямна не растлумачыў грамадству, дзеля чаго гэта робіцца, навошта краіне патрэбная новая Канстытуцыя, – адзначае палітолаг Валер Карбалевіч.

Здаецца, ніхто і не збіраецца тлумачыць. Можна толькі ўзгадаць нейкія рэплікі Лукашэнкі дзвюх-трохгадовай даўнасці, што ён ня хоча пакідаць пераемніку вялізныя прэзідэнцкія паўнамоцтвы.

Ідэя канстытуцыйнай рэформы з’явілася ў палітычным парадку дня з верасня 2020 году, на піку масавых пратэстаў. Магчыма, з падачы Масквы. Яна павінна была стаць сродкам заспакаення грамадзтва. Маўляў, вы хочаце пераменаў, дык вось вам перамены. Гэта павінна было стаць нечым накшталт перніка для пратэстоўцаў, каб паказаць, што сама ўлада гатовая да нейкіх рэформаў, таму няма неабходнасці выходзіць на вуліцу.

Аднак гэты месыдж як не працаваў летась, так не працуе і цяпер. Пратэстуючая частка грамадства не ўспрымае канстытуцыйную рэформу як саступку ўлады. Тым больш што яе прадстаўнікі не былі ўцягнутыя ў гэты працэс. То бок, канстытуцыйны працэс ня стаў сродкам кампрамісу, пераадолення расколу ў грамадстве. Дый улады ня надта пра гэта клапоцяцца.

Самае дзіўнае, што і прыхільнікі Лукашэнкі ня надта разумеюць, навошта патрэбная новая Канстытуцыя. Маўляў, усё ж добра, мы перамаглі, і навошта ў такім разе мітусіцца, ладзіць новую маштабную палітычную і электаральную кампанію? Ад мінулагодняй кампаніі яшчэ не ачухаліся.

Сам па сабе праект Канстытуцыі, яго змест ня так і важны. Зразумела, што гэты дакумент Лукашэнка рыхтуе для самога сябе, для рэалізацыі ўласных палітычных задач. Беларускае грамадства ў гэтым працэсе не бярэ ніякага ўдзелу.

Больш важнае пытанне пра тое, што будзе пасля рэферэндуму аб Канстытуцыі. Калі яна ўступіць у дзеянне? Ці пройдуць датэрміновыя прэзідэнцкія выбары? Ці будзе ў іх удзельнічаць Лукашэнка? Калі ня будзе, то якую іншую пасаду ён сабе падрыхтаваў? А надрукаваны праект Канстытуцыі — гэта інструмент, своеасаблівы індыкатар, які дазваляе ацаніць кірунак і алгарытм магчымага працэсу пераменаў.

Цяпер вылучаюцца розныя версіі, часам самыя экзатычныя: навошта патрэбная кіроўнаму рэжыму гэтая канстытуцыйная рэформа? У чым палягае таемны план? Адны кажуць, што ўсё гэта адбываецца пад ціскам Пуціна, які прымушае Лукашэнку да транзіту ўлады. Большасць упэўненая, што Лукашэнка ніколі ня сыдзе ў адстаўку, будзе чапляцца за ўладу пажыццёва, а цяперашні канстытуцыйны працэс — гэта суцэльная імітацыя. Але ж і імітацыя павінна мець нейкі сэнс.

Пакуль усе развагі адбываюцца ў сітуацыі вялікай нявызначанасці. Магчыма, Лукашэнка забракуе надрукаваны праект Канстытуцыі. Дарэчы, у ім няма пераходных артыкулаў, пра тое, напрыклад, калі пасля рэферэндуму новы Асноўны Закон уступіць у дзеянне.

Дрэнна, што дэмакратычныя сілы, іх лідары пакуль ніяк не абмяркоўваюць тактыку прыхільнікаў пераменаў у ходзе маючага адбыцца рэфэрэндуму аб Канстытуцыі.

Вось Сяргей Навумчык піша ў фэйсбуку: «Самае горшае, што цяпер могуць зрабіць праціўнікі Лукашэнкі, — уцягнуцца ў гульню „канстытуцыйная рэформа“ — са сваім праектам». Па-першае, ужо ўцягнуліся. Па-другое, што прапаноўваецца ўзамен? Добрых варыянтаў тут няма. Байкот? Магчыма, сапраўды іншага выйсця проста не застанецца. Аднак я ўпэўнены, што калі б мінулым годам перамагла тактыка байкоту, то масавага пратэсту ў Беларусі не адбылося б”.