У дачыненні да анархіста Паліенкі пачатыя яшчэ дзве крымінальныя справы
У дачыненні да анархіста Дзмітрыя Паліенкі, якога беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнем, пачатыя яшчэ дзве крымінальныя справы. Пра гэта Паліенка паведаміў у лісце сваёй знаёмай, грамадскай актывістцы Марыне Касінеравай, фрагмент якога яна выклала ў „Фэйсбук”.
З ліста вынікае, што адна справа пачатая на падставе артыкула 341 КК (апаганьванне збудаванняў) — за графіці ў Курапатах. Іншая справа пачатая згодна з артыкулам 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за абразу былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.
5 красавіка Паліенку было выстаўленае абвінавачванне па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339), апаганьванне збудаванні і псаванне маёмасці (арт. 341) і распальванне сацыяльнай варожасці (ч. 1 арт. 130).
Першае абвінавачванне на падставе арт. 341 КК было выстаўленае Паліенку за нанясенне графіці на будынак на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Крымінальную справу Следчы камітэт распачаў 23 студзеня гэтага года. Акрамя Паліенкі фігурантамі гэтай справы з’яўляюцца моладзевыя актывісты Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.
20 сакавіка Паліенку затрымалі паводле падазрэння ва ўчыненні асабліва злоснага хуліганства. „Згодна са звесткамі следства, 13 сакавіка прыблізна а 20-й гадзіне на лесвічнай пляцоўцы аднаго з дамоў па вуліцы Гурскага ў Мінску неўстаноўленая асоба ў адказ на заўвагу мужчыны пра курэнне ў пад’ездзе пырснула яму ў твар газ з газавага балончыка. Супрацоўнікамі міліцыі падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў паводле падазрэння ва ўчыненні злачынства 20 сакавіка быў затрыманы Дзмітрый Паліенка. Ён дапытаны, па месцы яго жыхарства праведзены вобшук. Цяпер з затрыманым праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, скіраваныя на высвятленне абставінаў здарэння. Расследаванне крымінальнай справы працягваецца”, — паведаміла БелаПАН афіцыйны прадстаўнік СК Юлія Ганчарова.
Між тым праваабаронцы не выключаюць, што з боку Паліенкі мела месца самаабарона. „Існуе дзве версіі падзей, адзначаў раней у каментары сайту spring96.org праваабаронца Валянцін Стэфановіч. — Паводле версіі Дзмітрыя, ён быў вымушаны прымяніць газавы балончык у мэтах самаабароны супраць нецвярозага і агрэсіўнага грамадзяніна, які абражаў і ўдарыў яго. Згодна з афіцыйна выстаўленым абвінавачаннем, Дзмітрый нібыта ў адказ на заўвагу жыхара дома аб забароне курэння ў пад’ездзе прымяніў у дачыненні да апошняга газавы балончык, здзейсніўшы такім чынам асабліва злоснае хуліганства. Такім чынам, маем два варыянты паводзін Дзмітрыя — дапушчальная самаабарона і злоснае хуліганства з прымяненнем газавага балончыка. Але для таго, каб мы паверылі ў версію, агучаную следствам, яно павінна даць нам досыць важкія доказы”.
Стэфановіч таксама зазначыў, што асаблівую цікавасць выклікаюць абвінавачанні ў адрас Паліенка згодна з іншымі артыкуламі Крымінальнага кодэкса, у прыватнасці арт. 130. Так, „распальваннем іншай сацыяльнай варожасці” следства лічыць распальванне варожасці ў дачыненні да такой сацыяльнай групы, як міліцыя. „Міліцыя не з’яўляецца сацыяльнай групай, як не з’яўляюцца сацыяльнай групай прадстаўнікі іншых дзяржаўных органаў і ўлада ў цэлым, — падкрэсліваў Стэфановіч. — Адпаведна, нельга казаць пра распальванне ў дачыненні да іх варожасці. Такога роду кваліфікацыя з’яўляецца памылковай і, акрамя таго, сведчыць пра жаданне ўладаў надаць палітычны кантэкст гэтай крымінальнай справе”.
Стэфановіч не выключыў, што суд над Паліенкам могуць правесці ў закрытым рэжыме, каб прадстаўнікі праваабарончай супольнасці не змаглі ацаніць сутнасць крымінальнай справы.
Першы раз актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка быў прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за ўдзел у велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. Яго абвінавацілі ў „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — за тое, што ён парваў куртку міліцыянеру. У кастрычніку 2016 года суд прыгаварыў яго да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай прысуду на два гады. У красавіку 2017 года адтэрміноўка была адмененая ў сувязі з неаднаразовым прыцягненнем Паліенкі да адміністрацыйнай адказнасці. Тады ж беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязнем. 24 кастрычніка 2018 года ён вызваліўся з бабруйскай папраўчай калоніі № 2.
Фота: ПЦ „Вясна”