У дачыненні да Мікалая Статкевіча пачатая крымінальная справа
У дачыненні да Мікалая Статкевіча пачатая крымінальная справа, паведаміла яго жонка Марына Адамовіч.
Апазіцыйны палітык павінен быў выйсці на волю 30 чэрвеня пасля адбыцця 30 сутак адміністрацыйнага арышту.
„Толькі што стала вядома, што Мікалай Статкевіч, які заўтра павінен быў выйсці на волю, „затрыманы па падазрэнні ў ажыццяўленні злачынства па ч. 1 арт. 342 „падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Ён будзе знаходзіцца ў ІЧУ. Прабачце, сіл больш няма”, — напісала Адамовіч на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Варта адзначыць, што па гэтым крымінальным артыкуле цяпер праходзяць усе затрыманыя па „справе Ціханоўскага”.
У сваім пасце Адамовіч таксама паведаміла, што актывістка Вольга Нікалайчык правяла ў карцары 17 дзён. „Яна перахварэла бранхітам, ёй не давалі вады, у яе адабралі ўсе асабістыя рэчы і сродкі гігіены”, — адзначыла жонка Статкевіча.
Раней Мікалай Статкевіч ужо двойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. У траўні 2005 года ён быў прыгавораны да трох гадоў абмежавання волі за арганізацыю масавых акцый пратэсту ў Менску супраць фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму.
У 2010 годзе Статкевіч быў кандыдатам у прэзідэнты. Пасля ўдзелу ў „Плошчы-2010” у Менску суд у маі 2011 года прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і узброеным супрацівам прадстаўнікам улады). Быў вызвалены ад адбыцця пакарання на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні 22 жніўня 2015 года.