У дачыненні да Паўла Севярынца пачатая крымінальная справа



У дачыненні да сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца пачатая крымінальная справа, паведаміла жонка палітыка Вольга Севярынец на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Яна расказала, што 20 жніўня ёй патэлефанавалі са Следчага камітэта і паведамілі: у дачыненні да Паўла Севярынца распачатая справа на падставе артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса (затрыманне паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства).

„Пасля размовы з адвакатам становіцца відавочна, што гэта крымінальная справа па 293-м артыкуле — масавыя беспарадкі, як у Ціханоўскага, Статкевіча і іншых”, — напісала Вольга Севярынец.

Паводле яе слоў, заўтра, 21 жніўня, адвакат ідзе на допыт Севярынца, які знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна ў Мінску.

21 жніўня Севярынец павінен быў выйсці на волю пасля 75 сутак адміністрацыйнага арышту.

Севярынец быў затрыманы 7 чэрвеня каля свайго дома неўзабаве пасля таго, як правёў на плошчы перад сталічным Камароўскім рынкам „народны пікет свабоды і салідарнасці” побач з пікетамі па зборы подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўных Аляксандру Лукашэнку кандыдатаў у прэзідэнты.

belapan.by