У дачыненні да Сяргея Ціханоўскага распачалі яшчэ адну крымінальную справу
Згодна са звесткамі праваабаронцаў, справа адкрытая на падставе артыкула 191 Крымінальнага кодэкса. Менавіта гэтую справу блогер меў на ўвазе, калі падчас разгляду яго апеляцыйнай скаргі ў Гомельскім абласным судзе 12 чэрвеня сказаў, што „на яго паскардзілася Лідзія Ярмошына”.
На гэты момант Ціханоўскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА-1 як абвінавачаны па справе згодна з ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У СІЗА ён змешчаны ў карцар да 19 чэрвеня. Прычына пакарання пакуль невядомая.
12 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе адбыўся разгляд апеляцыйнай скаргі Ціханоўскага, якую ён падаў яшчэ ў маі. Разгляд прайшоў па відэасувязі з СІЗА.
Падчас пасяджэння Ціханоўскі заявіў, што „дыктатар Лукашэнка захапіў усе галіны ўлады ў Беларусі”, і дадаў, што і цяпер сядзіць у СІЗА па сфабрыкаванай справе, „яшчэ і Лідзія Ярмошына паскардзілася, што я ёй пагражаў”.
Старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына раней прасіла Следчы камітэт праверыць, ці няма ў выказваннях Ціханоўскага пагроз на яе адрас.
„Ідуць пагрозы нават мне, — сказала яна 4 чэрвеня на пасяджэнні ЦВК. — Гэта я кажу для тых, хто лічыць гэтыя пікеты мірнымі (пікеты па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты. — БелаПАН.). Што азначае надпіс на пікеце спадарыні Ціханоўскай са словамі „прыстукнуць”? Ну, і далей абразлівая мянушка мяне. Прыстукнуць — гэта слова-сінонім „забіць, знішчыць”. Гэта пагроза, прамая пагроза, якая ўжо напісаная на пікеце па зборы подпісаў. Гэта мірны пікет?”
Ярмошына таксама прывяла ў якасці прыкладу выступленне Ціханоўскага ў Магілёве 27 траўня. „Цытую з інтэрнэт-рэсурсаў: „Мы хутка збіраемся ў Шклоў, у Александрыю пікеты праводзіць. Гэта зразумела, хоць там ніхто і не жыве (маецца на ўвазе рэзідэнцыя), але правядзем. І каля дома Лідзіі Ярмошынай у Мінску будзе выдатны пікет таксама. Заадно ўсё зойдзем у госці, гэта мы можам”, — сказала Ярмошына. — Зойдзем у госці да чалавека, які не чакае і не запрашаў? А калі зойдзем, то як — прымусова? Гэта ўжо ўварванне ў жыллё. Гэта пагроза дзеяннем у сувязі з выкананнем мною прафесійных абавязкаў”.
Артыкул 191 КК у ліку іншага прадугледжвае адказнасць за перашкоду працы Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэферэндуме або камісій па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата, здзейсненае з прымяненнем гвалту, пагрозы, падману, подкупу ці іншым спосабам. Прызнаны вінаватым згодна з гэтым артыкулам караецца грамадскімі работамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін.
Тое ж дзеянне, здзейсненае групай асоб паводле папярэдняй змовы альбо службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, караецца абмежаваннем волі на тэрмін ад двух да пяці гадоў ці пазбаўленнем волі да пяці гадоў.
Аўтар youtube-канала „Краіна для жыцця” блогер з Гомеля Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 мая ў Гродне, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне яго жонкі Святланы Ціханоўскай кандыдатам у прэзідэнты. З боку некалькіх жанчын была спроба перашкодзіць блогеру і стварыць канфліктную сітуацыю на пікеце. У выніку здарыўся інцыдэнт з удзелам міліцыянераў, адзін з якіх упаў. МУС заявіла пра распачынанне крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. 4 чэрвеня падчас начнога вобшуку на лецішчы ў маці Ціханоўскага было знойдзена 900 тысяч долараў.
11 чэрвеня старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч пасля дакладу Аляксандру Лукашэнку пракаментаваў ход расследавання справы ў дачыненні да Ціханоўскага і яго паплечнікаў. У прыватнасці ён сказаў, што „выстаўленае абвінавачанне і абраная мера стрымання ў дачыненні да 10 асоб”.
Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскага і яго паплечнікаў палітвязнямі. У абарону блогера выказаліся Еўрапейская служба знешніх дзеянняў і Еўрапарламент. Парламенцкая асамблея АБСЕ заклікала беларускія ўлады да „максімальнай стрыманасці”, а ЗША, ЕС і Вялікабрытанія — прыняць меры для „правядзення мірных, свабодных і справядлівых выбараў”.
belapan.by