Павел Латушка: Наша дзейнасць не парушае дзеючае заканадаўства Беларусі (абноўлена)
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады, былы міністр культуры Беларусі і кіраўнік купалаўскага тэатра Павел Латушка пракаментаваў Радыё Рацыя завядзенне крымінальнай справы супраць гэтай рады па артыкуле аб падрыхтоўцы да захопу ўлады.
Зыходзячы з беларускай рэчаіснасці, можна было думаць, што нешта такое адбудзецца, – сказаў палітык:
– Наша мэта з’яўлялася стварэнне грамадзянскай супольнай платформы, грамадскай платформы, у якой фактычна мы выказалі і выказваем думкі тых маніфестантаў, якія выходзяць апошнімі тыднямі на розныя акцыі пратэсту па ўсё Беларусі. Наша дзейнасць не парушае дзеючае заканадаўства Беларусі, Канстытуцыю нашай краіны, і мы зацікаўленыя, каб спакойным, нармальным шляхам дыялогу знайсці выйсце з існуючага палітычнага крызісу, перадусім звязанага з парушэннем правоў чалавека, з ужываннем пакаранняў, гвалту ў адносінах да грамадзян краіны.
Па словах Паўла Латушкі, гэта жахлівая сітуацыя, калі ў адносінах да грамадзянаў быў здзейснены масавы і вельмі жорсткі гвалт, а крымінальныя справы не заведзеныя да гэтай пары.
Таксама Павел Латушка нагадаў, што каардынацыйная рада выказала і свой погляд на выбары, якія адбыліся:
– Ёсць абсалютна дастатковая колькасць фактаў, якія падкрэсліваюць, што выбары былі сфальсіфікаваныя. І таму мы сёння ставім пытанне ад імя людзей. Гэта не пастулат каардынацыйнага савету, што ён сам гэта прыдумаў і вырашыў заняцца гэтай праблематыкай. Гэта фактычна рэтрансляцыя думак большасці беларусаў, што неабходна правесці наступныя выбары.
Таму мы не парушаем дзеючага заканадаўства, – падкрэсліў Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Каардынацыйная рада (КР), створаная па ініцыятыве кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Святланы Ціханоўскай, патрабуе ад уладаў тэрміновага правядзення сустрэч для абмеркавання прынятай напярэдадні рэзалюцыі рады.
Як паведамляецца ў тэлеграм-канале рады, адпаведны зварот быў накіраваны 20 жніўня ў адрас Генеральнай пракуратуры, Следчага камітэта, Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэта дзяржбяспекі.
КР хоча абмеркаваць з прадстаўнікамі названых ведамстваў „патрабаванні большасці грамадзян Беларусі, выкладзеныя ў рэзалюцыі”, якая заяўляе, што для выхаду з палітычнага крызісу ў краіне патрэбныя перамовы і новыя выбары.
У радзе адзначаюць, што інфармацыя аб працы КР і прынятай рэзалюцыі накіраваная па ўсіх каналах сувязі, у тым ліку ў СМІ і працоўныя калектывы.
Таксама паведамляецца, што арганізуецца ўдзел членаў рады ў мерапрыемствах, якія праводзяцца па ўсёй тэрыторыі Беларусі, у тым ліку ў мірных акцыях, сустрэчах работнікаў працоўных калектываў і да т.п.
Акрамя таго, прынятае рашэнне аб пашырэнні складу КР для ўключэння ў яе большай колькасці прафесіяналаў, гатовых працаваць для вырашэння палітычнага крызісу.
Аб стварэнні каардынацыйнай рады было абвешчана 14 жніўня. 19 жніўня яна правяла першае пасяджэнне, на якім быў абраны прэзідыум і прынятая першая рэзалюцыя рады.
20 жніўня Генеральная пракуратура і Следчы камітэт заявілі, што па факце стварэння Каардынацыйнай рады распачатая справа па арт. 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова ў каментары БелаПАН заявіла, што ў КР лічаць заяву Генпракуратуры „працягам рэпрэсій і націскам на грамадзянскую супольнасць, беларускі народ”. „У сваёй аснове Каардынацыйная рада не ставіць тых мэтаў, якія агучваюцца, якія нам спрабуюць прыпісаць, — сказала яна. — Мы прынялі рэзалюцыю, там артыкулююцца ўсе моманты, на якіх мы грунтуемся. Мы не збіраемся ніяк змяняць канстытуцыйны парадак або лад, мяняць знешнепалітычны курс. Мы хочам, каб беларуская ўлада сёння пайшла на перамовы са сваім народам. Наша асноўнае патрабаванне — дыялог”.
Яшчэ адзін член прэзідыума, юрыст Максім Знак заявіў БелаПАН, што ён і яго калегі не бачаць у стварэнні КР „учыненых супрацьпраўных дзеянняў — не тое што злачынстваў, але і ў прынцыпе правапарушэнняў”. „Усё выразна напісана, на падставе чаго і якія дзеянні робяцца для арганізацыі дыялогу. Гэта абсалютна законныя і заснаваныя на Канстытуцыі дзеянні. Ніякіх утоеных рэчаў і дзеянняў у рады няма”, — падкрэсліў ён.
Факт распачынання справы па арт. 361 КК, паводле слоў Знака, „можна расцэньваць як націск”, паколькі кожны член рады „можа падумаць, ці не варта цяпер сысці з улікам рызык, якія паўсталі”.
* * *
У Беларусі распачалі крымінальную справу па артыкуле «Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Пра гэта журналістам заявіў генеральны пракурор Аляксандр Канюк, піша Sputnik.
«Стварэнне і дзейнасць Каардынацыйнай рады накіравана на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па артыкуле 361 Крымінальнага кодэкса», – заявіў журналістам генпракурор Аляксандр Канюк.
Максімальныя санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць да пяці гадоў пазбаўлення волі.
Нагадаем, 14 жніўня Святлана Ціханоўская, якая ў дадзены момант знаходзіцца ў Літве, ініцыявала стварэнне каардынацыйнай рады для трансферу ўлады ў Беларусі. Яна заявіла, што рада неабходна для наладжвання дыялогу з уладай і забеспячэння трансферу ўлады. У яе склад увайшлі прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, дзеячы культуры, лекары, палітыкі, юрысты, эканамісты, педагогі. Сярод іх Святлана Алексіевіч, Сяргей Чалы, Марыя Калеснікава, Андрэй Курэйчык, Яўген Лівянт, Юлія Чарняўская, Уладзімір Цэслер. Акрамя таго, у раду ўвайшлі звольнены напярэдадні дырэктар Купалаўскага тэатра Павел Латушка і прадстаўнік страйкаму Менскага трактарнага завода Сяргей Дылеўскі.
У сваім выступе прадстаўнік Святланы Ціханоўскі Вольга Кавалькова заявіла, што каардынацыйная рада не ставіць перад сабой мэту захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.