У Данбасе магчымае новае абвастрэнне канфлікту
Пра гэта заявіў у Менску Мікалай Сунгуроўскі, дырэктар ваенных праграмаў Цэнтра Разумкова. Украінскі эксперт бярэ ўдзел у канферэнцыі па замарожаных канфліктах.
— Гэта пакуль не замарожаны канфлікт. Пра гэта можна будзе пагаварыць пасля чарговай эскалацыі. На жаль, чарговая эскалацыя адбудзецца на мой погляд, бо Пуцін не адмовіўся ад сваіх мэтаў. То бок калі ён убачыў, што абсалютная большасці пасля выбараў у рэгіёнах не выйшла, ён нанясе яшчэ адзін удар.
Чарговую эскалацыю канфлікту ў Данбасе эксперт прагназуе ўвесну ці ўлетку наступнага года.
Нагадаем, што канферэнцыю па замарожаных канфліктах у Менску ладзіць «Ліберальны клуб». У форуме бяруць удзел 30 вядучых экспертаў з постсавецкіх краінаў, Еўразвязу ды ЗША, а таксама дыпламаты.
Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя