У Данецку выдаюць пашпарты ДНР



У Данецку пачалі афіцыйна выдаваць пашпарты непрызнанай ДНР. Пашпарты гэтыя не будуць прызнавацца законнымі дакументамі не толькі ва Украіне, але і ў Беларусі.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

– Пашпарты самаагалошанай ДНР вельмі падобныя да расейскіх. Як і ў Расейскай Федэрацыі, галоўнае пасведчанне асобы мае выдавацца на пэўныя тэрміны – па дасягненні 16, 25 і 45 гадоў, пасля чаго дакументы падлягаюць абмену.

Плануецца, што пашпарты будуць выдавацца з вялікім пафасам. У данецкіх школах арганізуюцца прапагандысцкія акцыі, на Данбасе плануюцца святочныя ўрачыстасці.

Афіцыйны Кіеў ужо паведаміў, што гэтыя пашпарты не будуць прызнавацца дакументамі, якія пацвярджаюць асобу, бо ДНР не прызнаная Украінай як дзяржаўны суб’ект.

З аналагічнай заявай выступілі і беларускія памежнікі. У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі сцвярджаюць, што прызнанне пашпартоў прымаецца толькі на ўзроўні Міністэрстваў замежных справаў. У пашпартным атласе памежнай службы Беларусі няма ўзораў пашпартоў ДНР, таму сапраўдным дакументам такі пашпарт лічыцца не можа.

Ці будуць прызнаныя пашпарты непрызнанай рэспублікі ў Расеі, пакуль невядома.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nahnews.org