У другім чытанні прыняты законапраект аб змене закона „Аб масавых мерапрыемствах”



Палата прадстаўнікоў 16 красавіка прыняла ў другім чытанні законапраект аб змене закона „Аб масавых мерапрыемствах”.

„Законапраект накіраваны на стварэнне ўмоў для забеспячэння грамадскай бяспекі і парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў”, — паведамляе прэс-служба ПП НС.

У прыватнасці, дакумент прадугледжвае:

— скасаванне паведамляльнага парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў;

— надзяленне мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў правам вызначэння месцаў, рэкамендаваных для правядзення масавых мерапрыемстваў;

— выключэнне з закона нормаў, звязаных з продажам алкагольных напояў і піва, у мэтах прадухілення множнасці нарматыўных прававых актаў, якія рэгулююць адно пытанне, і ўзгаднення з законам „Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай спіртазмяшчальнай прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту”;

— распаўсюджанне на асобу, прысутную на масавым мерапрыемстве ў якасці журналіста сродку масавай інфармацыі, пры ажыццяўленні ёй сваёй дзейнасці патрабаванняў па захаванні грамадскага парадку нароўні з удзельнікамі масавых мерапрыемстваў і ўстанаўленне забароны для такой асобы быць удзельнікам ці арганізатарам масавага мерапрыемства;

— забарона асвятлення ў СМІ, глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнэт або іншых інфармацыйных сетках у рэжыме рэальнага часу (у прамым эфіры) масавых мерапрыемстваў, якія праводзяцца з парушэннем устаноўленага парадку іх арганізацыі або правядзення;

— прыпыненне функцыянавання аб’ектаў грамадскага харчавання, транспарту, гандлёвых аб’ектаў, кірмашоў, працы арганізацый усіх формаў уласнасці ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў па маршрутах іх удзельнікаў па патрабаванні кіраўніка (намесніка) адпаведнага мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, органа ўнутраных спраў ва ўстаноўленых законам выпадках (у прыватнасці, пры ўзнікненні небяспекі для жыцця і здароўя грамадзян, альбо калі прынятае рашэнне аб забароне (недапушчальнасці) правядзення масавага мерапрыемства);

— магчымасць увядзення часовай забароны або часовага абмежавання руху па дарогах пры правядзенні масавага мерапрыемства ў парадку, вызначаным заканадаўствам у галіне дарожнага руху.

Абноўлены закон набудзе моц праз месяц пасля афіцыйнага апублікавання.

belapan.by

Фота: БелТА