У Дубаі адкрыецца генконсульства Беларусі
У Дубаі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты) у 2018 годзе будзе адкрытае генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь. Адпаведнае рашэнне замацаванае пастановай урада ад 5 чэрвеня № 421, паведамляе прэс-служба ўрада.
У студзені бягучага года на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем абмяркоўваліся пытанні аптымізацыі апарата МЗС. Як паведаміў міністр пасля сустрэчы з кіраўніком дзяржавы, цэнтральны апарат МЗС падчас аптымізацыі скарочаны прыкладна на траціну, замежных устаноў — на 15%. Паводле слоў Макея, будзе надавацца больш увагі працы ў тых краінах, узаемадзеянне з якімі прыносіць большую аддачу.
З пачатку года Беларусь закрыла пасольства ў Эфіопіі і адкрыла ў Кеніі. Таксама былі прынятыя рашэнні аб закрыцці генеральнага консульства Рэспублікі Беларусь у Мілане (Італія) і ў польскім Гданьску. У Алматы 1 сакавіка закрытае аддзяленне пасольства Беларусі ў Казахстане. Таксама ў гэтым годзе будзе закрытае генконсульства Беларусі ў Адэсе (Украіна).
