У Дзень Незалежнасці Украіну наведае кіраўнік Пентагона
У Дзень Незалежнасці Украіну наведае міністр абароны ЗША Джэймс Мэтціс. Пра гэта паведамляецца на сайце Пентагона.
Плануецца, што цягам візіту Мэтціс сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам і міністрам абароны краіны Сцяпанам Палтаракам.
„Цягам гэтых перамоваў міністр пераканае нашых украінскіх партнёраў у тым, што ЗША па-ранейшаму цвёрда трымаюцца мэты ўмацавання суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, а таксама ўмацавання стратэгічнага абароннага партнёрства паміж нашымі краінамі”, – гаворыцца ў паведамленні.
Прэс-служба адзначыла, што візіт Мэтціса пройдзе ў рамках пяцідзённай паездкі ў краіны Бліжняга Ўсходу і Еўропы. Так, галава Пентагона наведае Іярданію і Турцыю, Украіна стане заключным этапам яго працоўнай паездкі. Гэта будзе першы візіт Мэтціса ва Ўкраіну як міністра абароны ЗША.
Амбасадар Украіны ў ЗША Валерый Чалы назваў прыезд Мэтціса ва Украіну сяброўскім жэстам.
Яшчэ 15 траўня Пятро Парашэнка падпісаў указ аб правядзенні 24 жніўня параду войск у Кіеве. У ім возьме ўдзел 231 вайсковец ажно з 10 краін свету.
10 чэрвеня Сцяпан Палтарак зацвердзіў форму, у якой вайскоўцы Узброеных сілаў і іншых сілавых структур будуць удзельнічаць ва ўрачыстасцях.
Беларускае Радыё Рацыя