У Дзярждэпе ЗША пракаментавалі вываз украінскіх дзяцей у Беларусь
Беларусь вывозіць на сваю тэрыторыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны не з бескарыслівых меркаванняў – яны могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі. З такой заявай выступіў на брыфінгу спікер Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілер.

Нядаўна быў апублікаваны даклад экспертаў Ельскага ўніверсітэта, у якім гаварылася, што ад пачатку вайны ў Беларусь былі вывезеныя больш за 2400 украінскіх дзяцей. У дакладзе сцвярджаецца, што вываз украінскіх дзяцей у Беларусь адбываецца з санкцыі Аляксандра Лукашэнкі. Прадстаўнік Дзярждэпа кажа, што прыняў да ведама гэты дакумент.
Мілер заяўляе, што ў Беларусь вывозяць непрапарцыйна шмат уразлівых дзяцей – патэнцыйных сірот, дзяцей з інваліднасцю, дзяцей з малазабяспечаных сем’яў і дзяцей украінскіх вайскоўцаў. ЗША, паводле яго словаў, працягнуць вельмі ўважліва адсочваць і ацэньваць сітуацыю з дэпартацыяй украінскіх дзяцей.
