У Дзярждуме Расеі заявілі, што ПВК «Вагнер» патрэбная ў Беларусі для будучага захопу Сувалкскага калідора
Кіраўнік камітэта Дзяржаўнай думы Расеі па абароне Андрэй Картаполаў у эфіры расейскага тэлебачання раскрыў мэты адпраўкі «вагнераўцаў» у Беларусь.
Па словах Картаполава, ПВК «Вагнер» патрэбная ў Беларусі «не столькі для навучання беларускай арміі», а для будучага захопу Сувалкскага калідора. «Яны там не столькі для навучання беларускіх Узброеных сіл. Ёсць такі Сувалкскі калідор, які ў выпадку чаго нам будзе вельмі патрэбны. Таму «вагнераўцы» складуць у Беларусі гатовы ўдарны кулак, які захопіць гэты няшчасны калідор у лічаныя гадзіны», — прыводзіць Bild словы Андрэя Картаполава, сказаныя на расейскім тэлебачанні.
Нагадаем, што Сувалкскі калідор — гэта 70-кіламетровы адрэзак тэрыторыі паміж Беларуссю і Калінінградскай вобласцю Расеі, які знаходзіцца на польска-літоўскай мяжы. Яго захоп можа цалкам перакрыць сухапутны доступ да краін Балтыі з боку астатняй Еўропы і саюзнікаў па НАТА. Як нядаўна стала вядома, першыя атрады вагнераўцаў сапраўды прыехалі ў Беларусь і ўжо засвяціліся ў лукашэнкаўскай прапагандзе.
Беларускае Радыё Рацыя