У Дзяржпамежслужбе Украіны абверглі абвінавачванні Беларусі



У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны адмаўляюць факт парушэння ўкраінскім самалётам DA-42 беларускай мяжы. Пра гэта памочнік кіраўніка памежнай службы Украіны Алег Слабадзян напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

Паводле яго інфармацыі, самалёт DA-42 Дзяржаўнай памежнай службы Украіны 25 верасня выконваў планавы палёт з мэтай паветранага маніторынгу дзяржаўнай мяжы на участках Чарнігаўскага і Жытомірскага пагранічных атрадаў. Беларускі бок загадзя быў папярэджаны пра выкананне палётаў ведамасным самалётам на названых участках.

„Самалёт абсталяваны сістэмай другаснай лакацыі, што дазваляе органам кіравання паветраным рухам адсочваць палёт самалёта, — напісаў Слабадзян. — Органы кіравання паветраным рухам „Украэрарух” назіралі палёт самалёта. Паводле іх інфармацыі, парушэнняў дзяржаўнай мяжы не зафіксавана. Радыётэхнічныя падраздзяленні Паветраных сіл УС Украіны назіралі палёт самалёта. Парушэнняў дзяржаўнай мяжы з іх боку не зафіксавана”.

Слабадзян таксама адзначыў, што самалёт абсталяваны сучаснай навігацыйнай сістэмай GARMIN-1000, якая дазваляе экіпажу ажыццяўляць навігацыю з высокай дакладнасцю. „Паводле матэрыялаў аб’ектыўнага кантролю ведамаснай сістэмы адсочвання маршруту палёту самалёта „Авіятрэкінг” — парушэнняў дзяржграніцы не зафіксавана”, — падкрэсліў ён.

Да свайго паведамлення Слабадзян прыклаў скрыншот карты палёту самалёта, зроблены з дапамогай „Авіятрэкінга”. „Вядома, у межах кампетэнцыі Дзяржпамежслужба яшчэ раз праверыць усю тэхнічную дакументацыю, якая тычыцца гэтага палёту для аб’ектыўнага ўстанаўлення ісціны”, — дадаў Слабадзян.

Як паведамлялася раней, 28 верасня пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім быў запрошаны ў беларускае МЗС, дзе яму ўручылі ноту ў сувязі з парушэннем паветранай прасторы Рэспублікі Беларусь з боку Украіны самалётам DA-42, якое мела месца 25 верасня 2017 года. Адзначыўшы недапушчальнасць парушэнняў дзяржаўнай мяжы, беларускі бок паведаміў, што чакае афіцыйных тлумачэнняў і зыходзіць з таго, што Украінай „будуць прынятыя вычарпальныя меры, накіраваныя на недапушчэнне паўтарэння падобных інцыдэнтаў у будучыні”, — гаварылася ў паведамленні прэс-службы МЗС Беларусі.

БелаПАН