У Дзяржынску прайшоў выбарчы пікет Святланы Ціханоўскай



У Дзяржынску (Менская вобласць) 19 ліпеня прайшоў выбарчы пікет кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, удзел у якім узялі некалькі соцень (паводле некаторых ацэнак, каля 500) чалавек.

Пікет прайшоў на адведзенай уладамі пляцоўцы паміж жылым домам на вуліцы Ціхай і сажалкай. У ім таксама ўдзельнічалі Вераніка Цапкала, жонка Валерыя Цапкалы, і Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі.

Выступаючы перад удзельнікамі пікета, які трансляваўся ў прамым эфіры ў YouTube, Ціханоўская нагадала, што ЦВК не зарэгістравала Цапкалу і Бабарыку, „убачыўшы пагрозу для ўлады”. Пры гэтым, адзначыла яна, улады не ўсвядомілі, што „пагроза не ў кандыдатах, а ў самім народзе, якому надакучыла жыць у прыніжэнні і страху”. Кандыдат у прэзідэнты лічыць, што яе муж Сяргей Ціханоўскі „разбудзіў беларусаў”.

Ціханоўская адзначыла, што зарэгістравацца замест мужа было для яе няпростым крокам. „Але калі падчас збору подпісаў я ўбачыла шматлікія чэргі, гэта надало мне шмат сіл. І я вырашыла, нягледзячы ні на што, ісці далей і толькі наперад. Бо я адчула адказнасць за ўсіх тых людзей, якія, як і Сяргей, хочуць перамен”, — распавяла кандыдат у прэзідэнты.

Марыя Калеснікава заявіла, што рэальная ўлада — у руках народа, і адзначыла сур’ёзныя змены ў краіне за апошнія два месяцы. Паводле яе слоў, „людзі прачнуліся”. „Ужо не чуваць фраз пра тое, што нічога не зменіцца. Мы ўсё можам змяніць! Мы стаміліся ад гэтай вакханаліі і падману”, — сказала прадстаўніца штаба Бабарыкі.

Яна таксама заклікала беларусаў „зрабіць выбар”, каб выканаць „мару апошніх дваццаці гадоў”.

Падчас мітынгу прадстаўнік ініцыятывы „Сумленныя людзі” паведаміў, што 22 ліпеня пачнецца анлайн-галасаванне на спецыяльна створаным сэрвісе ў інтэрнэце, каб рэальна можна было ўбачыць, якой падтрымкай карыстаецца Ціханоўская і яе паплечнікі.

Таксама, паводле яго інфармацыі, ужо паступіла больш за 10 тысяч заявак ад патэнцыяльных назіральнікаў на выбары. Ён таксама заклікаў выбаршчыкаў далучацца да назірання, каб „абараняць свае галасы”.

Блогер Мікалай Маслоўскі падчас выступу на мітынгу заявіў пра беспрэцэдэнтны націск на палітыкаў і грамадскіх актывістаў падчас цяперашняй кампаніі. Паводле яго слоў, многія з іх, у тым ліку Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, шмат дзён знаходзяцца пад арыштам. А Вольга Нікалайчык на працягу 22 сутак адбывала пакаранне ва ўмовах, параўнальных з катаваннямі.

„Мы за мірныя перамены, мірныя пратэсты хутчэй дасягаюць мэты. Жанчыны аб’ядналіся і пайшлі супраць дыктатуры”, — заявіў Маслоўскі.

Падчас мітынгу паступілі прапановы ад яго ўдзельнікаў забяспечыць Ціханоўскай кругласутачную фізічную ахову.

Ціханоўская і яе паплечніцы таксама паабяцалі на наступным тыдні прыехаць у Магілёў на чарговы пікет, бо першы перадвыбарны пікет у гэтым абласным цэнтры 18 ліпеня прайшоў без іх удзелу.

belapan.by

Фота: Уладзь Грыдзін